Астролаг пра дэвальвацыю, а эканамісты пра… другі “падатак на аўто”
Па зорках бачны другі скандал кшталту “Уралкалія”, а па чыноўніках — “крызіс кіраванасці”.
Еўрарадыё склала прагноз на 2014 год разам з астролагам, эканамістам і палітолагам.
“Ці то 12650, ці то 14 700 - такі курс будзе напрыканцы наступнага году з верагоднасцю ў 65-70%. Але ва ўладаў яшчэ ёсць магчымасць гэтага пазбегнуць, лесавызначальным будзе люты-сакавік наступнага году”, — дае прагноз на наступны год астролаг, выпускнік Аўстралійскай акадэміі астралогіі і космабіялогіі Уладзімір Васюк.
На унутрыпалітычнае жыццё ў краіне пераважна будзе ўплываць Юпіцер і Сатурн: змены будуць у другім паўгоддзі, тлумачыць Уладзімір Васюк:
“Гэтыя дзве планеты адказваюць за палітычнае жыццё. Яны кажуць пра тое, што вектар нашага кіраўніцтва будзе скіраваны, хутчэй, на унутрыпалітычнае жыццё, чым на знешнюю палітыку. Улада у выніку няправільных дзеянняў можа адчуць моцны дэфіцыт падтрымкі ў людзей. У наступным годзе, больш, чым у іншых гадах, падтрымку атрымаюць кансерватыўныя палітычныя сілы”.
Заробак будзе расці, заўважае астролаг. Але дабрабыт будзе пагаршацца ў другой палове года.
“Будзе расці заробак, але сінхронна будуць расці і кошты. Грошай на руках болей, але набыць чалавек зможа столькі ж, а тое і яшчэ менш”.
У знешняй палітыцы асаблівых зменаў не будзе, але ў другой палове года магчымы скандал а-ля “Уралкалій” з Расіяй. А напрыканцы года можа адбыцца пацяпленне адносінаў з Еўропай.
Курс долара на канец наступнага года — 11 тысяч. А ўрад будзе і далей ўводзіць падаткі кшталту “пошліны на аўто”, гэта расказвае ўжо фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзім Іосуб:
“Наўрад ці ўлады адважацца на сур’ёзныя крокі, якія зменяць сітуацыю у лепшы бок. Ёсць мэта зрабіць збалансаваны бюджэт. Ёсць два шляхі: зменшыць расходы бюджэту, ці павялічваць даходы за кошт такіх падаткаў. І, па-сутнасці, іншага выйсця ва у улады няма”, — падсумоўвае аналітык.
Крызіс кіравання ва ўладзе і адстаўкі прагназуе ў Новым годзе палітолаг Яўген Прэйгерман:
“Даволі нізкі адсотак даручэнняў кіраўніка краіны цяпер выконваецца. І спробы ажывіць сістэму пленума ЦК КПСС напрыканцы года аб гэтым сведчыць. Калі не будзе рэсурсаў і будзе далейшы крызіс, мы можам убачыць сапраўдныя праявы крызісу кіраванасці”, — тлумачыць палітолаг.
Але актыўнасць палітычнай апазіцыі застанецца інфантыльнай. А крызіс адміністравання можа прывесці да адстаўкі чыноўнікаў, дадае палітолаг.
“Год каня для Дзеваў будзе дастаткова нестабільны, як і для многіх іншых знакаў. Вы працаздольныя і цярпліва пераадольваеце усе перашкоды, якія стаяць у вас на шляху. Давядзецца ў надыходзячым годзе адкласці пагоню за грашыма на другі план. Ваш астрапрагноз, на жаль, не можа вас парадаваць фінансавымі дасягненнямі”, — дае астрапрагноз для Дзеваў інфармагенцтва “Белта”.
А менавіта пад гэтым знакам нарадзіўся кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.
“Ацаніце тое, што ў вас ёсць, адмоўцеся ад сумнеўных здзелак, не рызыкуйце патрапіць у даўгавую яму”, — даюць парады кіраўніку краіны.
Фота: exinfo.net