Меркаванне: Праколы ўступнай кампаніі

У эпоху ІТ няма камп’ютарнага залічэння

У апошні дзень, калі ў БДУ падавалі дакументы, унутраны дворык быў падобны хутчэй да Камароўкі: тры разы збілі з ног, расстралялі паўпачку цыгарэт і нават цікавіліся, куды падаць дакументы.

Больш за пяць гадоў у Мінадукацыі абяцаюць увесці сістэму залічэння ва ўнівер праз камп’ютар, але далей за ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі пайсці не могуць. Там ужо даўно абітурыент падае дакументы хоць на ўсе спецыяльнасці, і камп’ютар падлічвае, куды ён трапляе са сваімі баламі. У іншых універсітэтах абітурыент у апошні дзень перакідвае дакументы з факультэта на факультэт ці нават у іншы ўнівер, каб трапіць на бюджэт.

У XXI стагоддзі а 15-й гадзіне ўжо не абнаўляецца маніторынг падачы заяваў, і абітурыент сам гадае, куды падацца і што рабіць. Залічэнне ж ідзе да 18. А калі яму пазарэз трэба на бюджэт? У выніку маем кірмаш каля ўніверсітэтаў з нервовымі абітурыентамі і бацькамі, якія ледзь не самі адсочваюць падачу заяваў у прыёмнай камісіі.

Настаўнікаў фізікі і матэматыкі зноў не набралі

З году ў год на фізічны і матэматычны факультэт не могуць набраць нават на бюджэт. Іх ужо і аб’ядноўвалі, і пераймяноўвалі, і абяцалі ІТ-спецыяльнасці: толку няма. У Магілёўскі ўніверсітэт Куляшова падаліся на фізіку-інфарматыку два чалавекі з 20.

У Мінску Педагагічны ўніверсітэт Максіма Танка, дзе аб’ядналі фізічны і матэматычны факультэты, набірае толькі 106 чалавек. 14 месцаў засталіся вольнымі. Піяр-ролікі, білборды, што настаўнік — пакліканне, і нават помнік настаўніцы ля педагагічнага не дапамаглі. А ўсё таму, што з веданнем матэматыкі і фізікі сёння можна вывучыцца на айцішніка і мець са старту заробак у тысячу долараў, а не 3,5 мільёны ў школе з нагрузкай у выглядзе “журналу выкарыстання падручнікаў” і “нарадаў на хакей”.

На тэставанне — на мыліцах і з тэмпературай

Адзін з абітурыентаў на тэставанне па рускай мове прыходзіць у гіпсе і на мыліцах. Яго ўломвае дзяўчына, каб атрымаў вышэйшую адукацыю. Але чаму нельга дачакацца, калі гіпс здымуць? На пераздачу тэставання адзін рэзервовы дзень, і прычына перанесці мусіць быць ну вельмі важкай. Пра такія праблемы расказвае рэпетытар Яўген Лівянт:

“У мяне дзве вучаніцы хадзілі на тэставанне з тэмпературай, бо цяжка атрымаць гэтае вызваленне, каб здаць у рэзервовы дзень. Да таго ж праблема атрымаць вызваленне дзяўчатам у крытычныя дні. А ёсць дзяўчаты, якім вельмі складана нешта рабіць у гэтыя дні”.

Ён таксама заўважае, што ў некаторых аўдыторыях было мала вады ў спёку, а недзе не было гадзінніка, каб кантраляваць, колькі засталося часу да канца.

Чарга на тэставанне

Здаваць можна толькі тры прадметы

На цэнтралізаваным тэставанні адзін чалавек піша тры прадметы. Гэта неабходна, каб трапіць ва ўніверсітэт. Але болей пісаць нельга ніяк. Чаму? Абсалютна незразумела. Калі я хачу здаць усё, а ўжо пасля разабрацца, гуманітарый я ці тэхнар? Ці, можа, проста хачу праверыць свае веды па ўсіх прадметах. А можа, матэматыку я здам лепш за гісторыю і абяру фізмат замест гістфака.

Калі падсумаваць, то ўступная кампанія і залічэнне абсалютна нязменныя і нягнуткія. Усё традыцыйна, да таго ж закрыта. Бо да сёння з тэставання ёсць толькі колькасць стобальнікаў і сярэдні бал па школах і гімназіях. Няма агульных вынікаў усіх: колькі чалавек набрала 80, колькі 70, колькі 60. Тады б можна было убачыць, наколькі добра абітурыенты ведаюць прадметы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі