Авакаў заклікае беларусаў сур'ёзна ставіцца да правакацыі з расійскімі наймітамі

Авакаў заклікае беларусаў сур'ёзна ставіцца да правакацыі з расійскімі наймітамі

Міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заклікаў беларусаў з усёй сур'ёзнасцю паставіцца да магчымай правакацыі з боку расійскіх наймітаў прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) "Вагнер". 

Па яго словах, якія перадае прэс-служба МУС, украінскія праваахоўнікі перададуць беларускім калегам інфармацыю, якая пацвярджае злачынную дзейнасць баевікоў ПВК "Вагнер" на тэрыторыі Украіны.

Затрыманне расійскіх баевікоў пад Мінскам Авакаў расцэньвае як вельмі небяспечны прэцэдэнт. "Гэта вельмі небяспечная сітуацыя, калі 33 замежныя найміты, якія пралівалі кроў і ладзілі ўзброеныя правакацыі ў Сірыі, Судане, Лівіі ды на ўкраінскім Данбасе, ладзяць сваю базу ў 1,5 км ад рэзідэнцыі прэзідэнта краіны", — падкрэсліў украінскі міністр.

На яго думку, засяленне "вагнераўцаў" у санаторый недалёка ад рэзідэнцыі Лукашэнкі сведчыць пра нейкую аперацыю расійскіх спецслужбаў.

"Звяртаюся да дружалюбнага беларускага народу з заклікам з усёй сур'ёзнасцю паставіцца да гэтай правакацыі. Мы, украінцы, атрымалі занадта шмат гора і ахвяр ад дзеянняў расійскіх правакатараў і тэрарыстаў, у тым ліку — наймітаў ПВК "Вагнер" ва Украіне ў 2014 годзе.

Прадстаўнікі гэтай кампаніі ваявалі і зверствавалі не толькі ў Сірыі, Судане і Лівіі, але і ў нас на Данбасе. Найміты забівалі, катавалі і калечылі абаронцаў Украіны, у тым ліку пад Данецкам, у Славянску і Горлаўцы. Нацыянальная паліцыя Украіны расследуе шэраг крымінальных спраў па гэтых злачынстваў, з удзелам, у тым ліку, затрыманых на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь наймітаў", — дадае Авакаў.

Украінскі міністр абяцае перадаць беларускаму боку ўсю неабходную інфармацыю пра дзейнасць затрыманых баевікоў. "Мы спадзяемся, што гэта дапаможа незалежнай Беларусі абараніцца ад пагрозы тэрарызму і дыверсійных дзеянняў наймітаў ПВК "Вагнер", — кажа ён.

Таксама Авакаў заяўляе, што Украіна зацікаўленаяў экстрадыцыю на сваю тэрыторыю тых з затрыманых баевікоў, якія ўчынілі злачынствы ва Украіне. Ён кажа, што правёў шэраг канстультацыяў з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі.

Украінскі міністр лічыць, што магчымая нестабільная сітуацыя ў Беларусі пагражае і Украіне. "У нас таксама ўсё пачыналася з "зялёных чалавечкаў" і "іхтамнетаў", а потым прыйшлі атрады Гіркіна, Безлера і іншых, хто развязаў ва Украіне гібрыдную вайну, якая забрала дзясяткі тысяч жыццяў, якая доўжыцца больш за шэсць гадоў. Мы за незалежную, паспяховую Беларусь!" — падкрэслівае Авакаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі