Аварыя вадаправоду пакінула частку Віцебска без вады

Аварыя вадаправоду пакінула частку Віцебска без вады

Увечары 17 снежня ў Шпілеўскім завулку Віцебска прарвала магістральны вадаправод. Як пішуць "Народныя навіны Віцебска", паведамленне пра аварыю мясцовыя ратавальнікі атрымалі ў 20.45. 

У выніку аварыі знізіўся ціск у магістральным трубаправодзе і спынілася падача вады ў грамадскія аб'екты і вялікую частку жылых дамоў горада.

Для ліквідацыі аварыі былі задзейнічаныя тры аварыйныя брыгады "Віцебскводаканала". Дапамога МНС камунальнікам не спатрэбілася, таму спецтэхніка ведамства для работ не прыцягвалася.

Кіраўнікам прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, размешчаных у зоне спажывання вады ад аварыйнага вадаправода, паведамілі пра надзвычайнае здарэнне. А вос жыхарам горада пра аварыю ніхто не паведаміў. Як падкрэсліваюць "Народныя навіны Віцебска", датэлефанавацца да дыспетчараў "Віцебскводаканала" людзі не маглі, бо там пастаянна быў заняты тэлефон.

Аварыя пакінула без вады 10 школ, 12 дзіцячых садоў, 351 жылы шматкватэрны дом (прыкладна 35 000 жыхароў), а таксама Віцебская гарадская клінічная радзільня №1, Віцебская гарадская клінічная радзільня №2, Віцебская абласная клінічная лякарня, Віцебскі абласны клінічны анкалагічны дыспансер, абласны спецыялізаваны дом дзіцяці. У некаторыя з гэтых установаў аховы здароўя быў арганізаваны падвоз вады.

У 21.30 аварыйныя брыгады уключылі для водазабеспячэння дзве рэзервовыя лініі. У 23.55 водазабеспячэнне аднавілі цалкам. Але многія віцябляне дагэтуль скардзяцца, што вада ў іх кватэры ідзе забруджаная.

Аднаўленчыя работы па ліквідацыі аварыі працягваюцца. Яны мусяць скончыцца ўвечары 18 снежня.

Аварыя вадаправоду пакінула частку Віцебска без вады
Фота: МНС

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі