Бабруйскія галадоўнікі: Нас хацелі выкарыстаць

Пра гэта Еўрарадыё распавёў удзельнік галадоўкі Мікалай Жыбуль

Жыбуль: "Мы разлічвалі, што нам пойдуць на сустрэчу і дапамогуць вырашыць пытанне. Але апынулася, што першапачаткова яны не гатовыя ісці на нейкія саступкі. Упор рабілі на тое, што мы не прайшлі ўсе працэдуры, не звярнуліся ў суд. Яны запрасілі мясцовае тэлебачанне, зрабілі шоў, хацелі нас выкарыстаць там. Мы зразумелі, што нічога не будзе, і сышлі".

На сустрэчу сабралося шмат бабруйскіх чыноўнікаў і старшыня гарвыканкама. У кабінет рабочых запрашалі па адным. На сустрэчу выклікалі па тэлефоне — Жыбуль звязвае гэта з розгаласам у СМІ.

Старшыня гарвыканкама прапанаваў галадоўнікам уладкавацца на іншую працу. Жыбуль кажа, што адпрацаваў на заводзе больш за 30 гадоў, і хоча два гады да пенсіі дапрацаваць на родным прадпрыемстве.

Нагадаем, галадоўку трымаюць былыя рабочыя Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка. Яны лічаць, што пазбавіліся працы за сяброўства ў Свабодным прафсаюзе Беларускім. У кастрычніку яны і яшчэ некалькі актывістаў незалежнага прафсаюзу звярнулася з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Аднак адказу не дачакаліся. Менавіта жаданне данесці да кіраўніка дзяржавы інфармацыю пра сітуацыю на заводзе і стала прычынай галадоўкі.

Зараз да акцыі далучыліся таксама дзве жанчыны. Гэта работніца завода Аксана Кернажыцкая, якая галадае на працоўным месцы, і супрацоўніца Бабруйскай раённай бібліятэкі Святлана Грыцэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі