Бабруйскія школьнікі вымагалі ў падлетка грошы пад пагрозай пнеўмапісталета
У бабруйскага школьніка вымагалі грошы пад пагрозай пнеўматычнага пісталета, піша мясцовае выданне "Коммерческий курьер".
Здарэнне адбылося ў сакавіку 2018 года. Два дзевяцікласнікі сядзелі з 20-гадовым прыяцелем, рабочым бабруйскага прадпрыемства, у салоне машыны, якая належала бацьку аднаго са школьнікаў. Хлопец, які сядзеў на заднім сядзенні, у нейкі момант падскочыў, і ўсе трое пачулі хлапок. Выявілася, што гэта зламалася спружына амартызатара задняга кола. Сын гаспадара машыны адразу ж выставіў аднакласніку "рахунак", ацаніўшы зламаную дэталь у 50 долараў.
"Вінаваты" школьнік вырашыў, што сябар жартуе. Але той некалькі разоў нагадваў пра запазычанасць, а потым паказаў бацькоўскі пнеўматычны пісталет, каб напалохаць.
9 сакавіка школьнік зноў пайшоў да аднакласніка з бацькавым пісталетам, а па дарозе сустрэў таго 20-гадовага знаёмага і паскардзіўся на неаддадзены "доўг". Старэйшы сябар вырашыў дапамагчы і ўзяў пісталет сабе.
Школьнік быў дома адзін і спакойна пусціў сяброў. Там старэйшы з іх дастаў пісталіе і прыставіў яго да галавы "даўжніка", патрабуючы грошы. А выходзячы з кватэры, у калідоры некалькі разоў стукнуў школьніка ў твар.
Хлопцу стала кепска, ён патэлефанаваў маме. Тая прыбегла з працы дадому і, выслухаўшы сына, выклікала міліцыю.
Па крымінальнай справе, якую пачалі праваахоўнікі, на лаве падсудных апынуўся толькі 20-гадовы рабочы, бо дзевяцікласнік, які заварыў кашу, не дасягнуў яшчэ ўзросту адказнасці. Старэйшага хлопца аштрафавалі на 1225 рублёў (50 базавых велічыняў).
Канфіскаваны пнеўматычны пісталет суд пастанавіў знішчыць.