"Бачыў, як ён упаў на спіну": у Беларусі за дзень затрымалі мінімум 13 дактароў

Адзін з затрыманых дактароў — дырэктар сеткі медыцынскіх цэнтраў "Новы зрок" Вадзім Мурашка​ / eyes.by
Адзін з затрыманых дактароў — дырэктар сеткі медыцынскіх цэнтраў "Новы зрок" Вадзім Мурашка​ / eyes.by

На Маршах годнасці, якія прайшлі ў Беларусі 11 кастрычніка, сілавікі затрымалі як мінімум 13 дактароў. Сярод іх вядомы сківічна-тварны хірург Андрэй Любецкі, дырэктар медыцынскага цэнтра "Окамедсон" Андрэй Фурс, рэаніматолаг РНПЦ дзіцячай хірургіі Мікалай Бручкоўскі, дырэктар сеткі медыцынскіх цэнтраў "Новы зрок" Вадзім Мурашка. Адзін з іх у той жа вечар з'ехаў з РУУС на хуткай, пяцярых адпусцілі, астатнія чакаюць суда.

Андрэя Фурса і яго родных, якія таксама працуюць дактарамі, сілавікі затрымалі яшчэ да пачатку маршу каля мінскай гасцініцы "Планета".

“Видел, как он упал на спину”: в Беларуси за день задержали минимум 13 врачей
Андрэй Фурс / nashaniva.by

— Я бачыў, як Андрэй упаў на спіну. Не ведаю, сам або яго выпусцілі. Падрабязнасцяў ужо не бачыў, я ўцёк. У выніку ў РУУС адвезлі Андрэя, ягоную жонку Іну Фурс, а таксама брата, які разам з ім працуе ў медцэнтры, — расказвае Еўрарадыё сваяк затрыманага.

Жонку Андрэя Іну Фурс адпусцілі з РУУС праз некалькі гадзін. Андрэя Фурса і яго брата павезлі ў Жодзіна. Сваякі чакаюць інфармацыі пра суд. Медыцынскі цэнтр, па словах Аляксея, цяпер працуе ў звычайным рэжыме.

Застаецца ў ізалятары ў Жодзіне сківічна-тварны хірург Андрэй Любецкі. Яго спецыялізацыя — пластыка шчылін цвёрдага і мяккага паднябення, шчылін твару. Калегі кажуць, што такіх дактароў, як Любецкі, у краіне адзінкі.

Яго жонка Наталля Любецкая расказвае, што мужа затрымалі ў раёне вуліцы Зыбіцкай прыкладна ў 16:20. Паводле яе слоў, "яго ўдарылі людзі ў зялёнай экіпіроўцы, ён упаў і знік з поля зроку". Пазней Наталля даведалася, што Андрэя павезлі ў Партызанскае РУУС, і змагла перадаць яму цёплы світар і бутэрброд. Цяпер хірург чакае суда. Дома Андрэя Любецкага чакаюць чацвёра дзяцей.

“Видел, как он упал на спину”: в Беларуси за день задержали минимум 13 врачей
Андрэй Любецкі

Яшчэ адзін доктар, які чакае суда ў Жодзіне, — Мікалай Бручкоўскі, анестэзіёлаг-рэаніматолаг РНПЦ дзіцячай хірургіі. Калегі Мікалая Дзмітрыевіча расказалі, што яго затрымалі ў раёне стэлы, калі ён заступіўся за жанчыну. У РНПЦ перажываюць за калегу, турбуюцца пра яго стан здароўя. Без неабходных лекаў ён можа пагоршыцца. Мікалаю Дзмітрыевічу 58 гадоў.

— Ведаю Бручкоўскага асабіста. Некалькі гадоў працавалі разам. Не здзіўляюся, што ён кагосьці абараняў. Перажываем за яго ўсім аддзяленнем, — пішуць ягоныя калегі.

У Брэсце 11 кастрычніка затрымалі анестэзіёлага Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы Цімура Лозку і яго жонку — доктара Вольгу Лозка. Цімур чакае суда, яго жонку адпусцілі 12 кастрычніка. У Віцебску ў СІЗА знаходзіцца нейрахірург Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Антон Эрдман. Ён працуе ў медустанове больш за 13 гадоў.

— Сёння суда не было, але яго не выпусцілі. Можа быць, заўтра будзе суд. Мы нават не ведаем, калі яго паспелі затрымаць. У калоне яго не бачылі. У нас у Віцебску "хапун" быў у самым пачатку, яшчэ да маршу, — расказвае калега Антона, доктар Віцебскай абласной клінічнай бальніцы.

На акцыі пратэсту ў Мінску ўчора затрымалі афтальмолага, хірурга найвышэйшай катэгорыі, дырэктара сеткі медыцынскіх цэнтраў "Новы зрок" Вадзіма Мурашку. 12 кастрычніка яго адпусцілі з ЦІП на вуліцы Акрэсціна. Ужо на волі таксама анестэзіёлаг Андрэй Лабанок, які з'ехаў з РУУС на хуткай, і мінскі доктар Аксана Бігеза.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі