Бацькі са скандальнага відэа, якія дзеляць дачку: пазіцыі суда, мамы і таты

Бацькі са скандальнага відэа, якія дзеляць дачку: пазіцыі суда, мамы і таты

Скандальнае відэа, на якім тэлевядучая Люцыя Лушчык кажа непрыемныя словы жанчыне ў прысутнасці яе дачкі, выклікала вялікі розгалас. На роліку былыя муж і жонка Ілона і Андрэй Герашчанкі канфліктуюць з-за дзіцяці. Бізнэсмен, сённяшні муж тэлевядучай, праз суд забраў 8-гадовую дачку да сябе. Ілона Герашчанка сцвярджае, што ёй практычна не дазваляюць бачыцца з дзіцем і настойвае, каб суд перагледзеў рашэнне. Жанчына звярнулася з лістом у Адміністрацыю прэзідэнта і распачала збор подпісаў пад петыцыяй на сайце Change.org, хоць апошняе не мае юрыдычнай сілы ў Беларусі.

Чаму суд пакінуў дачку з татам?

У матывацыйнай частцы пастановы суда Цэнтральнага раёна Мінска за 25 траўня 2015 года тлумачыцца:

Па-першае, дзяўчынцы, на думку суддзі, лепш жыць у вялікай кватэры таты (пяціпакаёўка плошчай каля 257 м2). Маці дзяўчынкі таксама мае ўласнае жыллё ў сталічным навабудзе (трохпакаёўка плошчай каля 115 м2). На час рамонту Ілона Герашчанка зняла здымнае жыллё. Такую сітуацыю суд разгледзеў не на карысць мамы.

Другі момант: да снежня 2014 года дзяўчынка жыла ў Маскве і вучылася ў Брытанскай міжнароднай школе, сертыфікат якой не прызнаецца ў Беларусі, у нашай краіне трэба здаваць дадатковыя іспыты. У Мінску ж бацька аддаў дзяўчынку на навучанне ў гімназію.

Трэці момант: на думку суда, дзяўчынка больш схіляецца да бацькі.

У судовай пастанове не ўдакладняецца, як часта жанчына можа бачыцца з дачкой. Цяпер ідзе іншы судовы працэс, які павінен вызначыць гэты графік. Рашэнне наконт месца жыхарства дачкі мама аспрэчвае і дайшла да Вярхоўнага суда.

Версія маці

Заснавальніца і кіраўнік дзіцячага адукацыйнага цэнтра Ілона Герашчанка распавядае, што выйшла замуж за бізнэсмена Андрэя Герашчанку ў 2006 годзе. У іх нарадзілася дачка. Сямейнае жыццё не заладзілася.

У снежні 2011 года Ілона разам з дачкой з’ехала ў Маскву. Праз паўгода муж сам падаў на развод. У копіі іскавой заявы ён узяў віну за распад сям’і на сябе:

“Сумеснае жыццё не склалася цалкам па маёй віне. Я не супраць таго, каб пасля скасавання шлюбу дзіця пражывала з мамай”. 

Бацькі са скандальнага відэа, якія дзеляць дачку: пазіцыі суда, мамы і таты

Былыя муж і жонка юрыдычна дамовіліся пра парадак сустрэчаў з дачкой. Дзяўчынка жыла на два гарады. Па словах Ілоны, дзіця мела магчымасць рэгулярна сустракацца з бацькам, праводзіла з ім амаль палову свайго жыцця.

У Маскве дзяўчынка з пяці гадоў навучалася ў Брытанскай міжнароднай школе. І калі ўзрост дачкі пачаў набліжацца да сямі гадоў, канфлікт паміж Ілонай і былым мужам пачаў абвастрацца. 20 снежня 2014 года падчас школьных канікулаў мама прывезла дзіця ў Мінск. З тае пары, па яе словах, сустракацца з дачкой сам-насам ёй не даюць.

“Былы муж — адзін з самых паспяховых бізнэсменаў краіны. З ім часта сустракаліся вельмі ўплывовыя і вядомыя людзі. Ён шматразова заяўляў, што ў гэтай краіне ён можа ўсё і што мне лепш не супраціўляцца і рабіць так, як неабходна і зручна яму, — распавядае Ілона Герашчанка. — Мае правы не змаглі абараніць ні судовыя выканаўцы, ні міліцыя, ні органы апекі. Усе адказвалі, каб я звярталася ў суд. А ў судзе былы муж запэўніваў, што ніякім чынам не перашкаджае маім зносінам з дачкой. Сцвярджаў, што я ўсё прыдумляю. Ён рабіў усё магчымае, каб я не мела магчымасці заставацца з дачкой сам-насам, мае зносіны з ёй можна палічыць па хвілінах. Сёння былы муж прама кажа, што ў лепшым выпадку я буду бачыцца з дачкой у яго прысутнасці. Што маецца на ўвазе пад словамі “ў горшым выпадку” — застаецца толькі здагадвацца. Былы муж патрабуе, каб я магла праводзіць з дачкой усяго 8 дзён на месяц. Так абыходзяцца толькі з апошнімі алкагалічкамі! Я гатовая пайсці і на такія ўмовы дзеля дачкі. Аднак цяпер і гэтыя ўмовы не задавальняюць былога мужа”.

Бацькі са скандальнага відэа, якія дзеляць дачку: пазіцыі суда, мамы і таты
Ілона і яе дачка падчас жыцця ў Маскве.

Еўрарадыё: Ці гатовыя вы канчаткова вярнуцца ў Мінск з Масквы?

Ілона Герашчанка: Натуральна, я ўжо з сакавіка жыву ў Мінску. Гэта прынцыповы момант. Мой грамадзянскі муж разумее сітуацыю. Дзякуй Богу, з сям’ёй мне пашанцавала. Яны разумеюць, што дзіця для маці — самае каштоўнае.

Версія бацькі

Андрэй Герашчанка адмаўляецца размаўляць пра гэту гісторыю:

“На ўсе пытанні аб сапраўдным стане спраў вам падрабязна адкажуць у аддзеле сацыяльнай апекі Цэнтральнага раёна і ў раённым судзе. Калі вас нешта цікавіць, звярніцеся туды, і тады вы зможаце зразумець, што адбываецца. Зразумела тлумачу?”

Тым не менш, каб выкласці пазіцыю мужчыны, спашлемся на яго пісьмовыя тлумачэнні, якія падаваліся ў суд Цэнтральнага раёна Мінска сёлета ў красавіку.

У дакуменце бізнэсмен распавядае пра тое, як клапаціўся пра дачку цягам усяго яе жыцця. Напрыклад, адпраўляў на лячэнне ў Вену. А падчас эпідэміі грыпу 2009 года — у Дубай. Да таго ж наймаў для выхавання дачкі няню, што тлумачыў імкненнем былой жонкі да прафесійнага развіцця.

“Я неаднаразова назіраў, як ісцец (Ілона Герашчанка, — Еўрарадыё) сыходзіла з дома, пакідаючы нашу дачку ў слязах. Такія паводзіны ісца былі для мяне незразумелыя. Я шмат разоў казаў Герашчанка І.Г. пра тое, што нават самая лепшая няня не можа замяніць маці, што дачка пакутуе ад такіх яе паводзінаў. Аднак мае ўгаворы не далі выніку”, — сказана ў пісьмовых тлумачэннях. 

У дакуменце распісваецца і версія Андрэя Герашчанкі наконт канфлікту ў гімназіі (інцыдэнт трапіў у скандальны відэазапіс). З пункту гледжання бізнэсмена, не ён перашкаджаў маме абняць дачку, а мама сілай адрывала ад яго дзяўчынку і падрала кашулю.

Абвінавачванні ў адрас Ілоны Герашчанкі цягнуцца старонкамі.

“Я паведаміў Герашчанка І.Г., што пераезд дачкі на пастаяннае месца жыхарства ў Маскву не адпавядае дамоўленасцям, дасягнутым раней, і супярэчыць інтарэсам дзіцяці. Дзіця фактычна было вывезена на тэрыторыю іншай дзяржавы без узгаднення са мной”, — сярод іншага сказана ў дакуменце.

Кампетэнтны спецыяліст, які займаецца пытаннямі апекі ў Адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, адмовілася пракаментаваць сітуацыю: пішыце афіцыйны запыт. 

Бацькі са скандальнага відэа, якія дзеляць дачку: пазіцыі суда, мамы і таты

Дачка, маці і бацька разам пройдуць праз экспертызу

У Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз спецыялісты даследуюць усіх удзельнікаў судовага працэсу.

Супрацоўнікі Упраўлення складаных судова-псіхіятрычных экспертыз павінны высветліць індывідуальныя асаблівасці дачкі, мамы і таты і ступень прывязанасці дзяўчынкі да кожнага з бацькоў. Урэшце эксперты падрыхтуюць рэкамендацыю: як часта маці можа бачыцца з дачкой.

“Зразумела, у даследаванні ўлічваюцца ўсе акалічнасці. У тым ліку тое, з кім дзяўчынка пражывае на дадзены момант. Эксперты адказваюць на пытанні, якія ставіць суд. На падставе гэтага выносіцца аб’ектыўнае заключэнне. Якая сітуацыя ёсць на дадзены момант, такой яна і будзе адлюстравана ў заключэнні эксперта”, — запэўніваюць Еўрарадыё ва ўпраўленні.

Пакуль Андрэй Герашчанка захоўвае маўчанне, яго былая жонка Ілона працягвае дабівацца сваёй праўды і ўжо даслала зварот на імя кіраўніка Беларусі. Мяркуючы па выкладзеным у інтэрнэт відэазапісе, іх маленькая дачка увесь час спрабуе памірыць бацькоў.

Фота moyby.com і з асабістага архіву некаторых герояў матэрыялу

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі