“Баец у вышыванцы” Валент спрэчна прайграў Сайману Маркусу (відэа)

Двубой Дзмітрыя Валента і Саймана Маркуса праходзіў у кітайскім Гуаньчжоў у нядзелю, 26 кастрычніка. Падзею транслявалі прыкладна на 170 краін свету.

ВІДЭА ДВУБОЮ

Нечакана для многіх беларус пераўзышоў зорнага канадца ў клінчы (элементы барацьбы ў тайскім боксе). Падавалася, што Дзмітрый давёў да мэты як мінімум не менш чыстых акцэнтаваных удараў, чым сапернік. Але суддзі аддалі перамогу канадцу. Звязана гэта можа быць і з тым, што ў Кітаі Сайман Маркус з’яўляецца суперзоркай і ў плане вядзення бізнесу яго перамога арганізатарам больш выгадная.

“Што тут можна сказаць. Дзіма лічыць, што не прайграў і як ніколі расчараваны. У аўторак раніцай яго каманда вяртаецца ў Мінск”, ― распавядае Еўрарадыё пра рэакцыю Дзмітрыя Валента яго жонка Марыя.

У паядынку з Маркусам беларус зноў выйшаў на рынг у традыцыйнай беларускай вышыванцы. Нагадаем, што ў верасні ў Мінску ён у драматычным двубоі перамог тайца Панома. А залітая крывёй вышыванка стала своеасаблівым сімвалам беларускага духу. Праз некалькі тыдняў пасля таго двубою Валент узяў залаты медаль на чэмпіянаце Еўропы ў Кракаве.

Сайман Маркус з’яўляецца на сёння першым нумарам сусветнага муай-тай у вазе 80 кг, дзе выступае Дзмітрый Валент. Двубой у Гуаньчжоў меўся стаць своеасаблівым змаганнем за трон у гэтым відзе спорту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі