Багдановіч: Беларусь мусіць стаць краінай, дзе табе не перашкаджаюць жыць
20 лютага госць Еўрарадыё — студэнт Гарвардскага ўніверсітэта Максім Багдановіч.
Мінчук Максім Багдановіч здолеў адразу па заканчэнні гімназіі здаць усе неабходныя іспыты і паступіць не абы-куды, а адразу ў Гарвардскі ўніверсітэт. І зараз ён там — адзіны беларускамоўны студэнт. Але што далей? Можа і не адразу па заканчэнні ўніверсітэта, але адназначна — вяртанне на радзіму, пераконвае нас Максім. Бо каму, як не такім як ён — выпускнікам розных сусветна вядомых навучальных устаноў, рабіць з Беларусі краіну мараў? Пра гэта мы і разважаем у чарговым выпуску "Ідэі Х" з беларускамоўным студэнтам Гарвардскага ўніверсітэта (Harvard University) Максімам Багдановічам.
Трансляцыю са студыі можна будзе паглядзець у сацсетках: Facebook, "ВКонтакте", "Аднакласнікі". Там жа задавайце нашым гасцям пытанні!
Філосафы і мысляры мінулага сцвярджалі, што нацыянальная ідэя павінна быць у кожнай нацыі. Кіраўнік сённяшняй незалежнай Беларусі перакананы, што мы яшчэ да сваёй нацыянальнай ідэі не дараслі. Іншыя сцвярджаюць, што такая ідэя ў беларусаў ёсць.
Дык ёсць у беларускай нацыі свая нацыянальная ідэя ці не? І калі мы да сваёй націдэі яшчэ не дараслі, то ці можам лічыцца нацыяй? Магчыма, нам варта ўзяць ды сфармуляваць такую ідэю для беларусаў?
На нашу думку, прыспеў час распачаць дыскусію і вызначыць, сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. І мы працягваем гэта рабіць у аўтарскай праграме “Ідэя Х”, якую па-ранейшаму вядуць рэдактар Еўрарадыё Зміцер Лукашук і маскоўскі філосаф Максім Гаруноў.
Па завядзёнцы ў якасці гасцей, якія дапамагаюць нам фармуляваць нацыянальную ідэю, — палітыкі і літаратары, эканамісты і музыканты, айцішнікі і культуролагі. Усе вы.
Праграма выходзіць штотыдзень у чацвер у 14:00.
Партнёр праграмы — крама з нацыянальным каларытам Symbal.by
Папярэднія выпускі праграмы "Ідэя Х" можна глядзець тут:
Нацыянальная ідэя