Баі ў Севераданецку, "сітуацыя вельмі цяжкая" — 96-я раніца вайны ва Украіне
Уладзімір Зяленскі наведаў Харкаўскую вобласць / facebook.com/zelenskiy.official
Паведамленні аб абстрэлах раніцай у панядзелак прыходзілі з Адэскай, Крыварожскай і Сумскай абласцей. У Адэскай — цэліліся ў непрацуючы мост праз Днястроўскі ліман, кажа спікер Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук. Па яго словах, трапілі ў тую ж каляіну. Ударнай хваляй пашкоджаныя некалькі прыватных дамоў непадалёк. Людзі не пацярпелі.
На тэрыторыі Сумскай вобласці расіяне "працавалі" авіяцыяй і артылерыяй. Гэта паведамляе Генштаб УСУ. Асноўны пасыл ранішняй зводкі: "акупанты працягваюць спрабаваць наступаць на ўсходзе". На Данецкам кірунку яны "засяроджваюцца на наступу з мэтай акружэння УСУ ў раенах Лісічанска, Севераданецка і блакаванні асноўных лагістычных шляхоў". Ідуць перагрупоўкі расійскіх войскаў для аднаўлення наступу ў напрамках Ізюм-Барвенкава і Ізюм-Славянск, а таксама ў раёне Лімана і на Бахмуцкім кірунку.
Асноўныя намаганні расіян цяпер сканцэнтраваны на Севераданецку, гэта кажуць і ў Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны. Але ўчорашні дзень вялікіх пацверджаных поспехаў расійскаму боку не прынёс — працягвалі штурмаваць горад, але безвынікова. "Расійскі прагрэс у інтэнсіўных гарадскіх баях, верагодна, будзе павольным", лічаць у Інстытуце.
Аднак раніцай у панядзелак кіраўнік Луганскай адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў, што расіяне ўжо на ўскраінах Севераданецка, забітыя двое мясцовых жыхароў, пяць параненыя. Паводле яго слоў, праціўнік задзейнічаў усё магчымае ўзбраенне, прымяняе авіяцыю. Пазней ён удакладніў: рускія прасоўваюцца ў сярэдзіну горада, "баі працягваюцца, сітуацыя вельмі цяжкая".
Украіна заключыла практычна ўсе пагадненні па пастаўках узбраення, але на іх выкананне патрабуецца пэўны час, паведамляе "Громадське" са спасылкай на намесніка міністра абароны Украіны Ганну Маляр.
Замінка ўзнікае ў тым ліку і з-за таго, што для транзіту ўзбраення па тэрыторыі іншых краін патрэбны дазвол, як правіла, на самым высокім узроўні. Маляр папрасіла набрацца цярпення. "Для таго, каб у нас быў ужо парытэтны ўзровень у баях, нам трэба яшчэ пэўны час", — адзначыла яна.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі разгледзіць прапанову правесці тэлефонныя перамовы з кіраўнікамі Расіі і Турцыі Уладзімірам Пуціным і Таіпам Эрдаганам, калі расійскі прэзідэнт будзе гатовы ў іх удзельнічаць. Аб гэтым піша ўкраінскі рэсурс "Люстэрка тыдня" са спасылкай на прэс-сакратара ўкраінскага прэзідэнта Сяргея Нікіфарава. Раней, нагадваем, ВВС паведаміла, што прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган анансаваў тэлефонныя перамовы з Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім.
А Зяленскі напярэдадні быў у Харкаве. Ён наведаў вобласць, пагутарыў з кіраўніцтвам рэгіёна і ўручыў узнагароды вайскоўцам.
Тым часам міністар замежных спраў Расіі РФ Сяргей Лаўроў быў вымушаны абвяргаць інфармацыю аб праблемах са здароўем Уладзімера Пуціна. Пытанне яму задалі франзузкія журналісты. Лаўроў сказаў, што праблем няма. Аргументаваў тым, што Пуцін штодня з'яўляецца на публіцы і яго можна бачыць па тэлевізары.
"Не думаю, што разумныя людзі могуць убачыць у гэтым чалавеку прыкметы нейкай хваробы або нядужання", — сказаў Лаўроў у інтэрв'ю TF1. Яго словы прыводзіць ТАСС.
Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба напярэдадні разгляду 6-га пакета санкцый супраць Расіі пагутарыў з кіраўніком дыпламатыі ЕС Жазэпам Барэлем. Кулеба чарговы раз падкрэсліў, што нафтавае эмбарга трэба ўхваліць як мага хутчэй.
Тым часам, прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч пасля перамоваў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным заявіў, што ўзгадніў з Расіяй новы трохгадовы кантракт на пастаўку газу. Аб гэтым піша Reuters. Кошт газу для Сербіі Вучыч не агучыў, сказаў, што дэталі будуць узгодненыя з "Газпрамам", але пры гэтым падкрэсліў, што здзелка атрымалася вельмі выгаднай і кубаметр газу будзе каштаваць Сербіі ў 10-12 разоў танней, чым у Еўропе. "Громадське" нагадвае, што Сербія на дадзены момант застаецца адной з нешматлікіх еўрапейскіх краін, якая не ўвяла санкцыі супраць Расіі з-за вайны, якую тая развязала ў Украіне.
Пра саўдзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны ўспомніў напярэдадні дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. У нядзелю быў абвешчаны чарговы Дзень салідарнасці з Беларуссю. З гэтай нагоды Блінкен выказаў падтрымку беларусам.
"У гэты дзень салідарнасці з Беларуссю мы памятаем пра пакуты, выкліканыя прыгнётам правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі, грэбаваннем міжнароднымі нормамі і саўдзелам у вайне Расіі супраць Украіны. Мы з беларускім народам сёння і кожны дзень", — напісаў дзяржсакратар ЗША. Twitter.
On this Day of Solidarity with Belarus, we are mindful of the suffering caused by the Lukashenka regime’s crackdown on human rights, disregard for international norms, and complicity in Russia’s war against Ukraine. We stand with Belarusian people today and every day. https://t.co/qtmuAGmhgz
— Secretary Antony Blinken (@SecBlinken) May 29, 2022
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.