Банк вяртае кліентам скрадзеныя з іх пластыкавых картак 120 мільёнаў рублёў.

Звароты грамадзян аб знікненні з іх пластыкавых картак грошай дапамаглі аператыўнікам выйсці на след зламыснікаў.

Амаль 56 тысяч долараў пераклаў з пластыкавых картак кліентаў аднаго з вядучых банкаў краіны ва ўласную кішэню яго супрацоўнік – спецыяліст па абслугоўванні банкаўскіх аўтаматаў. На “аперацыю” зламысніку спатрэбіліся тры гады. Следства даказала 110 эпізодаў скрадання і замахаў на скраданне грашовых сродкаў са сталічных банкаматаў абвінавачаным. Днямі справу перадалі ў суд Ленінскага раёна Мінска. Абвінавачванаму пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі.


Расказваць Еўрарадыё, якім чынам аператыўнікі выйшлі на след зламысніка, начальнік упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Ігар Чарненка адмовіўся. Не захацеў раскрываць прафесійную тайну. Толькі паведаміў, што штуршком сталі звароты грамадзян аб знікненні з іх картак грошай.


Ігар Чарненка: “Падставай стала інфармацыя, што ў людзей з рахункаў знікаюць грошы”.


Аператыўнікі канфіскавалі і вярнулі банку 100 мільёнаў рублёў, якія былы спецыяліст па абслугоўванні банкаматаў не паспеў патраціць. Астатнія 20 мільёнаў яму яшчэ давядзецца выплаціць. Начальнік упраўлення сцвярджае, што гэта ніякіям чынам не паўплывае на вяртанне грошай пацярпелым.


Ігар Чарненка: “Гарантам укладаў выступае банк, і там, дзе было здзейснена злачынства, банк кампенсуе страту”.


Справа па артыкуле 212 “Скраданне з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі” ўжо перададзена ў суд, але аператыўнікі ўпраўлення і супрацоўнікі банка да гэтага часу “вылічваюць” усіх пацярпелых. Кажуць, пакрыўджаным не застанецца ніхто.


Патлумачыў Ігар Чарненка Еўрарадыё, якім чынам махінатар абкрадаў людзей.


Ігар Чарненка: “Ён выкарыстоўваў спецыяльнае праграмнае забеспячэнне падчас працы з банкаматамі, якое дазваляла яму мець доступ да інфармацыі, якую ўводзілі ўладальнікі банкаўскіх картак”.


Начальнік упраўлення прызнаўся, што злачынствы з пластыкавымі карткамі даволі шырока распаўсюджаныя ў нашай краіне. Гэтая справа выбіваецца з шэрагу падобных толькі вялікай сумай скрадзеных грошай і тым, што здзяйсняў злачынствы супрацоўнік банка. Апошняе найбольш небяспечна, бо злачынец валодаў магчымасцямі, пры выкарыстанні якіх ахвярай мог стаць кожны з карыстальнікаў пластыкавых картак яго банка. Гэта сотні тысяч чалавек па ўсёй краіне.


Каб зменшыць небяспеку стаць ахвярай “пластыкавых” злачынцаў, Ігар Чарненка раіць банкам забяспечыць усе банкаматы відэакамерамі.


Ігар Чарненка: “Банкі, валодаючы такім сумамі грошай, не могуць абсталяваць банкаматы камерамі відэаназірання. Гэта неправільна”.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі