Бародка пра заяву Саннікава: Мяне прасілі аддаць "Беларускі дом"
Беларускія палітычныя эмігранты ў Польшчы вырашаюць праблему зарэгістраваных у гэтай краіне "фундацый".
У панядзелак лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў распаўсюдзіў заяву наконт таго, што Зміцер Бародка не з'яўляецца больш каардынатарам. Прычынай такога кроку называецца "страта даверу". Падрабязнасці гэтай справы Андрэем Саннікавым не былі агучаныя.
Зміцер Бародка ў гутарцы з Еўрарадыё адзначыў, што шкадуе з-за таго, што "не змог дамовіцца з людзьмі, з якімі працаваў 12 гадоў". Паводле яго слоў, справа тычыцца "Беларускага дома ў Варшаве" (Бародка з'яўляецца яго судырэктарам).
Бародка: "2,5 гады пасля вядомых падзей 19 снежня 2010 года я вымушаны быў пераехаць у Польшчу. Тут я заснаваў дзве фундацыі, адна з якіх называецца "Еўрапейская Беларусь", а другая — разам з рухам "За Свабоду" мы стварылі фундацыю "Беларускі дом у Варшаве". Калі лідары "Еўрапейскай Беларусі" Зміцер Бандарэнка і Андрэй Саннікаў выйшлі на волю, яны папрасілі мяне аддаць "Еўрапейскую Беларусь" і "Беларускі дом" у Варшаве. З першым я абсалютна згодны, не маю ніякіх правоў на гэты брэнд. І я распачаў працэдуру па пераафармленні дакументаў. І я аддаю брэнд "Еўрапейская Беларусь" Саннікаву і яго камандзе".
Але аддаваць "Беларускі дом" пад кантроль "Еўрапейскай Беларусі" Бародка не хоча. Паводле яго слоў, ад пачатку было вырашана, што гэта мусіць быць цэнтр розных беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый, "для ўсіх беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі Бацькаўшчыны".
На здымку: Зміцер Бародка (першы злева) падчас аднаго з мерапрыемстваў у "Беларускім доме ў Варшаве". Фота — belhouse.org