БАТЭ выйграў у "Ромы" ў Лізе чэмпіёнаў — 3:2 (фота, відэа)
Увечары 29 верасня на "Барысаў-Арэне" БАТЭ сенсацыйна перамог італьянскую "Рому" — 3:2. Гэта быў матч 2-га тура групавога раўнда футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Госці выступалі ў ролі фаварытаў (нягледзячы на тое, што ў іх складзе не было некалькіх асноўных гульцоў, у тым ліку і Франчэска Тоцці), на іх рабілі стаўку букмекеры.
У першым туры яны вырвалі нічыю 1:1 у матчы з "Барселонай", а барысаўчане прайгралі ў гасцях "Баеру" — 1:4. Мала хто верыў, што БАТЭ здолее атрымаць станоўчы вынік у сённяшнім паядынку. Аднак баязлівая і бездапаможная гульня каманды ў Нямеччыне хутка забылася. На полі "Барысаў-Арэны" ў першым тайме была іншая каманда: смелая, баявая і на яе баку ў гэты вечар была ўдача. Нешта падобнае мы бачылі ў славутым пераможным матчы з "Баварыяй".
На 8-й хвіліне імклівая атака гаспадароў поля, пасля рыкашэта і патраплення ў перакладзіну, скончылася голам Ігара Стасевіча. Ужо гэта было сенсацыяй. А далей, на 12-й, забівае сербскі легіянер БАТЭ Філіп Младэнавіч, які прабівае здалёк, заўважыўшы, што варатар гасцей "згубіў" сваю пазіцыю. Той жа Младэнавіч на 30-й хвіліне выдатна прабіў пад перакладзіну — 3:0!
Гульцы "Ромы", падобна, былі ў шокавым стане. Толькі пасля перапынку яны сталі ствараць больш небяспекі каля варот Сяргея Чэрніка, але ён адбіваў удар за ўдарам. Аднак ціск узрастаў, барысаўчане ўсё больш прыціскаліся да сваёй брамы, і на 66-й забівае Жэрвіньё. У далейшым госці шмат атакавалі, БАТЭ дзейнічаў на контраатаках. На 82-й забівае Тарасадзіс. Пасля мяч трапляе ў перакладзіну нашай брамы... І ўсё ж БАТЭ здолеў утрымаць пераможны лік — 3:2!
БАТЭ гуляў у наступным складзе: Чэрнік, Дубра, Мілунавіч, Младэнавіч, Палякоў, Яблонскі, Нікаліч (А. Валадзько, 86), Стасевіч, М. Валадзько (Рыас, 85), Сігневіч, Гардзяйчук (Глеб, 72).
Адзначым, што на "Барысаў-Арэне" прысутнічалі 12767 заўзятараў.
У іншым матчы нашай групы "Барселона" выйграла ў "Баера" — 2:1. Лідзіруе "Барселона" з 4 ачкамі, у БАТЭ і "Баера" — па 3 ачкі, у "Ромы" — 1.
Фота: uefa.com