Базу кліентаў "Белдзяржстраху" выявілі ў адкрытым доступе
"Белдзяржстрах", ілюстрацыйнае фота
У адкрыты доступ трапіла база даных кліентаў кампаніі "Белдзяржстрах".
Як піша партал "Зеркало" у інтэрнэт трапіла база "Кліенты Белдзяржстрах 2022". Знайсці базу ўдалося праз папулярны расійскі бот "Вока Бога", які звычайна выкарыстоўваюць для пошуку інфармацыі пра канкрэтнага чалавека. Бот выдае прозвішчы, імёны і імёны па бацьку, даты нараджэння, нумары тэлефонаў, хатнія адрасы і "нумары карты".
Журналісты "Зеркала" праверылі інфармацыю дзесяці чалавек. Звесткі з базы супадаюць з тымі, што самі людзі пазначылі на сваіх старонках у сацсетках — імёны, нумары тэлефонаў і даты нараджэння. У адным выпадку журналісты праверылі адрас чалавека — ён таксама супаў.
"Нумары карты" ў базе маюць 16 знакаў і пачынаюцца з лічбаў 9112 19... Прадстаўнік OSINT-праекта Digital Intelligence Team кажа, што гэта нумары картак сістэмы "Белкарт". Але які менавіта банк іх выпусціў, верыфікаваць не ўдалося: BIN-нумара 9112 19 не існуе.
Таксама спецыяліст кажа, што нумары карты з базы, якая трапіла ў інтэрнэт, не праходзяць праверку па "кантрольнай лічбе", якой звычайна адпавядаюць нумары сапраўдных плацежных картак. Таму складана сказаць, наколькі дакладныя звесткі трапілі ў агульны доступ.
Эксперт выказаў меркаванне, што гэтая база можа быць звязаная з уцечкай інфармацыі "Белгазпрамбанка" і інтэрнэт-крамы nlstar.by, якая адбылася напрыканцы 2022 года. У рэдакцыі "Зеркала" дадаюць, што восем з дзесяці правераных асобаў ёсць не толькі ў базе "Кліенты Белдзяржстрах", але і ў базе "Кліенты банкаў 2021". Гэта можа азначаць, што дзве ўцечкі звязаныя паміж сабой.
У самім "Белдзяржстраху" заявілі, што яны не ведаюць пра ўцечку даных. Дырэктар мінскага філіяла Павел Чарноў папрасіў даслаць даныя, каб разабрацца з сітуацыяй.
Кампанія "Белдзяржстрах" належыць Мінфіну Беларусі. Паводле інфармацыі за 2023 год, кампанія заключыла больш за 6,4 мільёна дагавораў страхавання.
Цягам апошніх гадоў у Беларусі адбылося мноства ўцечак персанальных даных. Сярод самых буйных — сайты ТАА "Рыэлтбай" realt.by і kvartirant.by (каля 900 тысяч карыстальнікаў), інтэрнэт-крама "Востраў чысціні і густу" (больш за 730 тысяч чалавек); гандлёвая сетка "Суседзі" (каля 635 тысяч), платформа анлайн-петыцый "Зручны горад" Petitions.by (600 тысяч).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.