БДІПЧ — уладам Беларусі: расследуйце жорсткасць міліцыі!
Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ заклікала ўлады Беларусі вызваліць усіх затрыманых за ўдзел у пратэстах і "хутка і эфектыўна" расследаваць жорсткасць міліцыі ў дачыненні да мірных людзей. "Свабода мірных сходаў, а таксама свабода выказвання меркаванняў з'яўляюцца асноўнымі правамі чалавека, якія маюць вырашальнае значэнне для развіцця дэмакратычных грамадстваў", — заявіла афіцыйная прадстаўніца БДІПЧ Каця Андруш. Паводле яе слоў, арганізацыя працягвае сачыць да сітуацыяй у Беларусі і заклікае да дыялогу. Пры гэтым выказваецца "цвёрдая падтрымка" грамадзянскай супольнасці і "ўсім тым, хто адстойвае правы чалавека". БДІПЧ заклікае ўлады Беларусі ўстрымацца ад гвалтоўных дзеянняў, а таксама прадаставіць сумленныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў.
БДІПЧ падкрэслівае, што гатовы дапамагчы афіцыйнаму Мінску "ў ажыцьцяўленьні тэрміновых рэформаў", якія неабходныя "для прывядзення заканадаўства і практыкі краіны ў адпаведнасць з міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі і абавязаннямі ў галіне правоў чалавека".
Падчас разгону акцый пратэсту ў Мінску 10 жніўня загінуў чалавек. МУС сцвярджае, што ў яго руках выбухнула "невядомае выбуховае прыстасаванне". Пратэстоўцы заяўляюць, што ў той момант з боку сілавікоў ішоў абстрэл шумавымі гранатамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.