БДУ будзе вучыць праграмістаў для мабільнікаў, БДУІР — бізнес-аналітыкаў

Што новага прапануюць універы, высвятляе Еўрарадыё перад уступнай кампаніяй.

“Мы адкрываем два кірункі: “вэб-праграмаванне і інтэрнэт-тэхналогіі” і “матэматычнае праграмнае забяспечанне мабільных прылад”. Летась гэтая спецыяльнасць была ў магістратуры. Скарацілася завочная форма — летась было 400 месцаў, цяпер 350”, — падлічваюць у прыёмнай камісіі БДУ.

Бюджэтны набор у БДУ не скараціўся. А вось на дзённае платнае возьмуць на 177 чалавек менш!

Універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі пачынае рыхтаваць бізнес-аналітыкаў ад IT. Гэтую спецыяльнасць адкрываюць на падставе амерыканскіх даследаванняў.

“Сапраўды новае — гэта інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў бізнес-менеджменце. Нашы амерыканскія партнёры правялі даследаванне наконт таго, што гэтая спецыяльнасць запатрабаваная. Будзе кваліфікацыя “праграміст, бізнэс-аналітык”, — тлумачаць Еўрарадыё ва ўніверсітэце.

Набор на бюджэт у гэтай ВНУ сёлета не скарачалі.

“Мы кожны год новыя спецыяльнасці адкрываем, сёлета нічога новага”, — адразу кажуць у Нацыянальным тэхнічным універсітэце. Бюджэтны набор тут моцна не скарачалі, а платнае зменшылі, дадаюць у прыёмнай камісіі.

У Магілёўскім універсітэце сёлета набіраюць фізікаў-інфарматыкаў. Больш новых спецыяльнасцяў не адкрывалі.

“З’явілася спецыяльнасць “фізіка-інфарматыка”. Гэтага раней не было. Але набор зменшаны — дэмаграфічная яма цяпер”, — расказваюць нам у прыёмнай камісіі.

Толькі на спецыяльнасць “інфарматыка” сёлета збіраюцца ўзяць удвая менш студэнтаў.

“Універсітэты скарачалі набор на платнае. Дакладна падлічваць мы будзем пасля таго, як скончыцца прыём”, — адказваюць у Міністэрстве адукацыі.

Сёлета на цэнтралізаванае тэставанне зарэгістравалася больш за 105 тысяч абітурыентаў. Гэта на 12 тысяч менш, чым было год таму.

Фота: zn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі