Бээнэфаўцам пагражае высяленне з галоўнай залы офіса
31 студзеня ў Эканамічным судзе Мінска будуць разглядацца тры справы па пазовах, пададзеных дзяржаўным прадпрыемствам “Домэнергасэрвіс” супраць Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”.
"Домэнергасэрвіс" хоча скасаваць тры дамовы на арэнду памяшканняў у Сядзібе БНФ. Пададзеныя пазовы пра высяленне Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ, Мінскай абласной арганізацыі ПБНФ, а таксама Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’ядання БНФ "Адраджэнне". Справы будуць разглядацца адна за адной з 10:30.
Дарэчы, 16 студзеня ў тым жа судзе разглядалася справа пра скасаванне асноўнай дамовы на арэнду памяшкання Партыяй БНФ. Суд адмовіў “Домэнергасэрвісу” і не пазбавіў партыю юрыдычнага адрасу.
Па словах старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, Мінская гарадская і Мінская абласная арганізацыі ПБНФ аплацілі ўсе запазычанасці і аплочваюць бягучыя плацяжы. Грамадскае абяднанне БНФ "Адраджэнне" займае галоўную залу Сядзібы — менавіта тут адбываецца асноўная маса публічных імпрэзаў, выставаў, пасяджэнняў ды іншых сходаў. Па гэтай дамове, кажа Кастусёў, дагэтуль не змаглі ліквідаваць запазычанасць. ГА БНФ "Адраджэнне" віннае дзяржаве за арэнду памяшкання 11 тысяч рублёў.
ПБНФ просіць прыхільнікаў дапамагчы ў зборы грошай. Як перавесці грошы, можна паглядзець па спасылцы.