Бел-чырвона-белы Be2gether на мяжы з Беларуссю, але з грузінскім акцэнтам

Музычны фестываль Be2gether у Літве, які ладзіўся амаль на беларускай мяжы і прайшоў у Нарвілішках (Літва) з 14 па 17 жніўня пад бела-чырвонымі сцягамі. Але сцягі былі не беларускія, а грузінскія. Нават само адкрыццё фестывалю, якое праходзіла каля Віленскай ратушы, ладзілася дзеля падтрымкі Грузіі і мела назву “Georgia2gether”.



На адкрыцці арганізатары абяцалі сюіту для трохсот бубнаў. З выгляду бубначоў было паменей, але гралі яны гучна і добра. Дзве дзяўчыны спявалі “Суліко”, прапануючы падхапіць яе разам — для гэтага гледачам раздавали паперкі з грузінскамоўным тэкстам у лацінскай транскрыпцыі. Увогуле атрымаць ад арганізатараў бясплатна на плошчы можна было не толькі тэксты, але і кашулі з выявамі грузінскага сцяга, самі сцягі, балёнікі, напульснікі, налепкі і нават ваду “Баржомі”, чым усе і карысталіся.



На другі дзень фестываль перамясціўся ў Нарвілішкі, да самай мяжы з Беларуссю. Праезд ад Вільні да гэтага месца стаўся самым слабым момантам арганізацыі. Пра прамы транспарт на аўтавакзале нічога не ведалі, а на сайце фестывалю не было аніякага тэлефона, затое быў заклік прыязджаць у Нарвілішкі за 80 кіламетраў на роварах.



З беларускіх гуртоў вельмі не пашэнціла N.R.M. Хоць яны гралі ўвечары і на галоўнай сцэне, значная частка гледачоў не паспела дабрацца да месца. Да таго ж падчас выступу была моцная залева. З іншага боку, аднаго з хэдлайнераў Infected Mushroom слухала людзей значна менш, чым прысутнічае звычайна на выступах знакамітага беларускага гурта на Басовішчы. Найбольшую колькасць чалавек сабраў сэт магілёўцаў з Osimira, якія гралі на другі дзень а 13-й гадзіне. Але варта адзначыць, што каля той сцэны размяшчаліся ўсе шапікі з ежай і напоямі. Беларускія музыкі Mauzer увогуле выступалі амаль што самі для сябе, чаго зусім не заслугоўвалі.



У цэлым склалася уражаньне, што пазіцыянаваць фестываль як той, што яднае Літву і Беларусь, прымусіла толькі яго блізкасць да беларускай мяжы. Адсюль вынікам з’явіліся бясплатныя візы, магчымасць набору беларускіх грамадзян у валанцёры і творчыя майстэрні, плюс запрашэнне некалькіх беларускіх гуртоў. Ужо нямала, але не так шмат, каб весці размову пра аб’яднальны літоўска-беларускі фэст. Тыя ж самыя валанцёры, закліканыя ў тым ліку дапамагаць наведвальнікам, часцей за ўсё не валодалі ніводнай са славянскіх моў.



Насамрэч, гэты фэст прызначаны для ўсіх тых, хто на яго прыедзе, нягледзячы на нацыянальнасць. Натуральна, што сёлета болей чым каго было літоўскай моладзі, якая лёгка ішла на кантакт на усіх вядомых ёй мовах, дзялілася назапашаным на раніцу сідрам і ў тую ж самую раніцу не давала спаць п`яным лямантам “Georgia!”. Be2gether сапраўды аб’яднаў самых розных людзей. Атрымалася мерапрыемства з мірнай публікай, што разлічвала добра правесці час, якаснымі выступоўцамі, добрым гукам і смачным півам.



Акрамя музычнай часткі былі арганізаваны спартыўныя пляцоўкі, месцы для экстрэмальных скачкоў на роварах і катання на скейтах, чым некаторыя энтузіясты карысталіся нават а восьмай гадзіне раніцы. Літоўская публіка мела магчымасць атрымаць асалоду ад прагляду матча нацыянальнай баскетбольнай сборнай на вялізарным экране. Штодзень круціліся пральныя машыны. У цэлым арганізацыя для такога буйнога фестывалю была зусім неблагая.



Тым, хто любіць жывую музыку, фестывальную атмасферу, Be2gether, які праводзіцца зусім побач, хутчэй за ўсё спадабаецца. Тым больш што фестываль мусіць з кожным годам развівацца, магчыма, што і ў бок яднання Літвы і Беларусі.



Дадамо, што ў сёлетнім фэсце ўзялі ўдзел 70 гуртоў з Літвы, Беларусі, Украіны, Расіі, ЗША, Нямеччыны і Даніі (летась іх было 30). На фэст прыехалі каля 10 тысяч чалавек.
















Аўтар: Кірыл Марцінкевіч
Фота: Андрэй Лянкевіч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі