"Беларусь 1" паказаў заяву Пазняка пра магчымую правакацыю 25 сакавіка (відэа)

"Беларусь 1" паказаў заяву Пазняка пра магчымую правакацыю 25 сакавіка (відэа)

Тэлеканал "Беларусь 1" увечары 12 сакавіка паказаў заяву палітэмігранта Зянона Пазняка пра магчымую правакацыю 25 сакавіка. Адной з галоўных тэмаў "Галоўнага эфіру" стаў "дэкрэт аб дармаедах", вулічныя акцыі пратэсту ды апазіцыя, якая, нібыта, рыхтуе сацыяльны выбух. У праграме адзначалася, што ў апазіцыянераў "задача № 1 — пасеяць паніку, справакаваць людзей на жорсткую рэакцыю супраць дзяржавы". Зноў дэманстраваліся кадры з сумнавядомага дакументальнага фільма "Тэлефанаванне сябру" (цалкам яго ў гэты вечар паказаў тэлеканал АНТ).

"Вядомы апазіцыянер заклікае людзей не ўдзельнічаць у будучым мітынговым фарсе", — заявіў дыктар. Была паказаная невялікая частка нядаўняй заявы лідара КХП-БНФ Зянона Пазняка, у якой ён кажа пра правакацыю, якая магчыма рыхтуецца на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску падчас вулічнай акцыі 25 сакавіка. Ён крытычна выказаўся пра шэраг апазіцыйных дзеячоў, якія "пастаянна займаліся правакацыямі". Пазняк папярэджвае, каб людзі, якія прыйдуць на плошчу, не паддаваліся на заклікі ставіць намёты. На яго думку, яшчэ не прыйшоў для гэтага час. Цалкам заяву Зянона Пазняка гл. тут.

Пазняк назваў хлуснёй згаданую перадачу Беларускага тэлебачання, інфармуе Радыё Свабода. Таксама ён падтрымаў акцыі ў беларускіх гарадах супраць "падатку на дармаедства".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі