Беларусь дапаможа Судану праводзіць разведку нафтавых радовішчаў
Беларусь дапаможа Судану праводзіць разведку нафтавых радовішчаў. Пра гэта стала вядома па выніках пасяджэння ў Мінску беларуска-суданскай сумеснай камісіі па супрацоўніцтве. Віце-прэм'ер Уладзімір Сямашка адзначыў на сустрэчы з суданскай дэлегацыяй, што ў Беларусі "ёсць багаты вопыт работы ў краінах ва ўсіх кропках зямнога шара, пачынаючы ад Венесуэлы, заканчваючы Кітаем". Беларусы "гатовы ўдзельнічаць у разведцы і засваенні радовішчаў, якімі так багаты Судан", — цытуе словы Сямашкі РІА "Новости".
Як заявіў Уладзімір Патупчык, міністр энергетыкі і сустаршыня камісіі, Беларусь і Судан маюць намер актывізаваць супрацоўніцтва ў нафтахімічным комплексе і будаўнічай сферы. У сферы энергетыкі ў Мінску "дамовіліся аб тым, каб рабіць усё неабходнае для аказання дапамогі суданскім сябрам у падрыхтоўцы кадраў", інфармуе БелаПАН. Міністр нафты і газу Судана Махамед Заед Авад заявіў, што яго краіна зацікаўлена ў пастаўках беларускай сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі. Ён згадаў пра больш за 700 грузавікоў, якія паспяхова працуюць на суданскай зямлі.