Беларус Эдуард Лобаў загінуў, прыкрываючы параненага камандзіра
Эдуард Лобаў / t.me/belwarriors
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці апошняга бою, у якім, абараняючы Украіну, загінуў беларус Эдуард Лобаў.
Па словах яго маці Марыны Лобавай, Эдуард прыкрываў параненага камандзіра.
"Толькі ўчора я даведалася, што ён сабой прыкрываў адыход параненага камандзіра. Такі мой Эдзік — ён не кіне нікога ў бядзе, сам не адыдзе ўбок. Ён заўсёды быў адказным. Калі ён сказаў, што будзе так рабіць, то і зробіць", — расказала яна ў інтэрв'ю Радыё "Свабода".
Яна паведаміла, дзе ваяваў Эдуард пасля расійскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну: "Эдуард браў удзел у абароне Кіева. Атрымаў за гэта 4 траўня 2022 года ўзнагароду "За ўзорнасць у вайсковай службе" 3-й ступені. Вызваляў Чарнобыль".
Пазней хлопца перакінулі пад Вуглядар. Як кажа маці, там ён быў вельмі стомленым і ўпершыню пачаў казаць пра цяжкасці. "Пісаў, што не было дзе выспацца нармальна, немагчыма адпачыць. Здаваўся мне вельмі змучаным. Ніколі не пісаў раней, што цяжка, а тут напісаў, што ўмовы складаныя", — згадвае Марына Лобава.
Загінуў Эдуард 26 студзеня 2023 года.
Экс-маладафронтавец Андрэй Цянюта пачаў збор подпісаў за наданне Эдуарду Лобаву звання "Герой Украіны". "Звязаўся з камандзірам, якога Эдзік выратаваў. Будуць складаць петыцыю і збіраць подпісы", — кажа маці.
Эдуарду Лобаву было 34 гады. Ён былы сустаршыня "Маладога фронту". Быў затрыманы ў 2010 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і асуджаны на чатыры гады. Адмовіўс пісаць прашэнне аб памілаванні. З лета 2015-га ваяваў за Украіну, быў у складзе Тактычнай групы "Беларусь".
Пахаваць Лобава плануюць у Варшаве. Грошы на яго пахаванне сабралі за суткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.