Беларусь можа забараніць азербайджанскай авіякампаніі AZAL палёты ў Мінск
Беларускі бок паведаміў авіякампаніі "Азербайджанскія авіялініі" (AZAL), што з 15 красавіка ёй могуць быць забароненыя палёты паміж Мінскам і Баку. Незадаволенасць беларусаў выклікала тарыфная палітыка AZAL: азербайджанская кампанія знізіла кошт авіяквіткоў, што прычыніла шкоду беларускаму перавозчыку — кампаніі "Белавія".
"У Беларусі адзначылі, што пры ўсталяванні нізкіх коштаў на авіябілеты трэба атрымаць згоду і процілеглага боку. Калі пытанне не вырашыцца бліжэйшым часам, то Беларусь прыпыніць палёты. Думаю, што, калі яны будуць настойваць на падаражэнні квіткоў або прыпыненні палётаў, мы пойдзем ім на кампраміс", — перадае БелаПАН словы віцэ-прэзідэнта AZAL і дырэктара Дзяржаўнай адміністрацыі грамадзянскай авіяцыі Арыфа Мамедава.
Для вырашэння праблемы AZAL аператыўна накіруе зварот у амбасаду Беларусі ў Азербайджане і азербайджана-беларускую сумесную камісію.
"Азербайджанскія авіялініі" арганізоўваюць палёты ў Мінск пад нізкабюджэтным брэндам AZALJET. Авіякампанія пачала палёты пад гэтай гандлёвай маркай 28 сакавіка 2016 года. Гэткім чынам кампанія меркавала скласці канкурэнцыю замежным нізкатарыфным аператарам, якія выказваюць цікавасць да Азербайджана.