Беларус на трактары прарываўся ва Украіну (фота)
Беларус на трактары прарываўся ва Украіну. Здарэнне адбылося 12 траўня. Як паведамляе прэс-служба Брэсцкай Чырванасцяжнай памежнай групы імя Дзяржынскага, раніцай у памежнай паласе нарад заўважыў трактар МТЗ без рэгістрацыйных нумароў, які накіроўваўся ў бок дзяржаўнай мяжы. Трактарыст праігнараваў патрабаванні памежнікаў спыніцца ды працягнуў рух у бок Украіны (мужчына спрабаваў трапіць у суседнюю краіну ў аб'езд пункта спрошчанага пропуску “Отчын — Гута”).
Парушальнік быў затрыманы пасля папераджальных стрэлаў з сігнальнага пісталета. Ім аказаўся жыхар Маларыцкага раёна. Па факце наўмыснага незаконнага перасячэння мяжы з выкарыстаннем механічнага транспартнага сродку праводзіцца праверка. Мужчыне пагражае крымінальная адказнасць — да 2 гадоў пазбаўлення волі (ч. 1 арт. 371 КК).