Беларусь наведае прэзідэнт Грузіі
Беларусь наведае прэзідэнт Грузіі. Двухдзённы візіт Георгія Маргвелашвілі прызначаны на 1-2 сакавіка 2017 года. Дэталі яго праграмы пакуль не агучваюцца, інфармуе агенцтва "Навіны-Грузія".
Упершыню пра запланаваны візіт прэзідэнта Грузіі стала вядома ў снежні 2016 года, калі Георгій Маргвелашвілі сустракаўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Тады ж было абмеркаванае і пытанне арганізацыі афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію ў 2017 годзе.
"Навіны-Грузія" адзначаюць, што нядаўна прадстаўнікі ўрадавай беларускай дэлегацыі правялі шэраг перамоваў з высокапастаўленымі прадстаўнікамі грузінскіх уладаў. Абмяркоўваліся асноўныя накірункі і перспектывы далейшага супрацоўніцтва Беларусі і Грузіі (гаворка ішла найперш пра паглыбленне гандлёвых і эканамічных адносінаў).
Георгію Маргвелашвілі 47 гадоў. Пасаду прэзідэнта Грузіі ён займае з лістапада 2013-га.