Беларусь не прадставіла ніводнага праекту па Ўсходнім партнёрстве

Прадстаўніца Еўракамісіі Крысціна Хохман распавяла Еўрарадыё, што праграма “Ўсходняе партнёрства” па-ранейшаму працягваецца ў поўным аб’ёме і “замарожвацца” не будзе.
Ніводная краіна-ўдзельніца праграмы Еўрасаюза “Ўсходняе партнёрства”, у тым ліку і Беларусь, яшчэ не прадставіла свае фінансавыя праекты на абмеркаванне камісіі.

Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавяла прэс-сакратар еўракамісара па знешняй палітыцы Беніты Ферэра-Вальднер Крысціна Хохман. Яна адзначыла, што праграма працягваецца ў поўным аб’ёме і “замарожвацца” не будзе.

Нагадаем, кожная краіна-ўдзельніца “Ўсходняга партнёрства”, а гэта Беларусь, Украіна, Грузія, Малдова, Азербайджан і Арменія, можа падаваць свой праект на фінансаванне пэўнай галіны, і толькі пасля Еўракамісія вырашае колькі, каму і на што даваць грошай.

Крысціна Хохман: “Індывідуальныя праекты асобных краін неабходна ўзгадняць з планам дзеянняў. Таму мы пакуль не маем бюджэту, бо перад усім мы павінныя даведацца, якія праекты патрэбныя”.

Між тым, 2 ліпеня у шматлікіх СМІ з’явілася інфармацыя аб прыпыненні праграмы “Ўсходняга партнёрства”. Чуткі узніклі пасля заявы прэм’ер-міністра Швецыі Фредрыка Рейнфелда аб тым, што праграма не ўваходзіць у прыярытэт палітыкі Швецыі падчас старшынства у ЕС.

Па словах Крысціны Хохман, усе пытанні ўзніклі з-за няправільнага разумення слоў шведскага прэм’ера.

Крысціны Хохман: “Ён прэзентаваў прыярытэты шведскага прэзідэнцтва. Узнікла пытанне “А ці ўваходзіць “Усходняе партнёрства” ў гэтыя прыярытэты?” на што прэм’ер адказаў: “улічваючы факт, што нашым прыярытэтам з’яўляецца узяцце пад кантроль фінансавага крызісу, а таксама змаганне з глабальным пацяпленнем, “Усходняе партнёрства” будзе працягвацца, але гэта не найвышэйшы прыярытэт шведскага прэзідэнцтва”.

Спадарыня Хохман адзначыла, што старшынства Швецыі у Еўрасаюзе не дае ёй права самастойна змяняць еўрапейскія праграмы.

“Гэта рашэнне не індывідуальных краінаў. Гэта прапанова Камісіі і цяпер гэта палітыка Еўрасаюза” – кажа Еўрарадыё прэс-сакратар.

Фота: РИА Новости

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі