Беларус падпісаў кантракт з клубам мацнейшага дывізіёна чэмпіянату Нідэрландаў

Максім Кірэеў / willem-ii.nl
Беларускі футбаліст Максім Кірэеў падпісаў кантракт з клубам наймацнейшага дывізіёна чэмпіянату Нідэрландаў. Летам 20-гадовы паўабаронца з "Льерса" пяройдзе ў "Вілем II". Кантракт разлічаны на чатыры гады.
"Льерс" атрымае за Кірэева 800 тысяч еўра і адсотак пры перапродажы.
Максім Кірэеў — выхаванец футбольнай акадэміі бельгійскага "Андэрлехта". У гэтым сезоне беларус правёў за "Льерс" у другім дывізіёне 15 матчаў, забіў адзін гол і аддаў чатыры выніковыя перадачы.
У сакавіку 2024-га Кірэеў дэбютаваў у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі ў таварыскім матчы ў Турцыі з Чарнагорыяй.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.