Беларусь пагадзілася на транзіт украінскага збожжа праз сваю тэрыторыю

Беларусь вельмі хоча мець дачыненне да збожжавай здзелкі
Беларусь вельмі хоча мець дачыненне да збожжавай здзелкі

Беларусь без папярэдніх умоў пагадзілася на транзіт збожжа з Украіны. Далей збожжа павінны даставіць у літоўскія порты. А адтуль у краіны, якім пагражае голад. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніка генсака ААН Стэфана Дзюжарыка.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэраш 9 снежня сустрэўся ў Нью-Йорку з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Юрыем Амбразевічам. Беларускі дыпламат заявіў, што наша краіна без папярэдніх умоў пагаджаецца на транзіт украінскага збожжа праз сваю тэрыторыю для экспарту з портаў Літвы.

Яшчэ ў чэрвені ў Беларусі заяўлялі, што будуць прапускаць украінскае зерне ў парты Балтыйскага мора, калі Беларусі дазволяць пастаўляць з тых жа портаў калійныя ўгнаенні, якія цяпер знаходзяцца пад санкцыямі. Украіна на такую прапанову не пагадзілася.

Учора Амбразевіч паўтарыў, што ўрад Беларусі хацеў бы мець магчымасць экспартаваць сваю падсанкцыйную прадукцыю з літоўскіх портаў. Але цяпер гэта ўжо не ўмова, а просьба.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі