Беларусь плануе атрымліваць нафту з Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі
Пастаўкай нафты ў Беларусь плануе заняцца кампанія "Янгпур". Гэта даччыная кампанія вытворчага аб'яднання "Беларуснафта", якая здабывае нафту ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.
"Кампанія "Янгпур" пераарыентаваная на пастаўкі нафты на беларускі рынак", — паведамілі агенцтву БЕЛТА ў канцэрне "Белнафтахім". Аб'ёмы, а таксама графікі паставак у "Белнафтахіме" пакуль не каментуюць.
"Янгпур" уваходзіць у склад ВА "Беларуснафта" з 2013 года. Кампанія займаецца пошукам, разведкай і распрацоўкай сямі радовішчаў Ізвесцінскага ліцэнзійнага ўчастка ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.
Пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь спыніліся з 1 студзеня 2020 года: бакі не дамовіліся пра ўмовы пастаўкі сыравіны. З таго часу Беларусь адчувае недахоп нафты і шукае магчымасць іншых паставак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.