Беларусь у Балонскім працэсе: што зменіцца для студэнтаў і выкладчыкаў

У траўні міністры адукацыі еўрапейскай прасторы разгледзяць, ці браць Беларусь у Балонскі працэс. Гэта працэс стварэння Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, куды ўваходзяць 47 краін, у тым ліку, усе нашы суседзі.

Еўрарадыё пралічыла змены, якіх варта чакаць, калі Беларусь усё ж пусцяць у прастору еўрапейскай вышэйшай адукацыі. 

Ці трэба будзе больш вучыцца студэнту ў Балонскім працэсе і ці падаражэе навучанне

Адразу пасля падпісання Балонскай дэкларацыі ў асобнага беларускага студэнта сэрца не ёкне і жыццё не перавернецца. Усё залежыць ад таго, якія патрабаванні рэалізуюць беларускія чыноўнікі. У ідэале для студэнтаў будзе больш перспектыў: стажыроўкі ў іншых краінах Еўропы ў межах мабільнасці, дадатак да дыплома, які прызнаюць у ЕС. Гэта тое, што можа з’явіцца адразу.

У перспектыве студэнты пачнуць уплываць на рашэнні адміністрацыі ўніверсітэта, выносіць канкрэтныя прапановы. Па словах рэктара БДУ Сяргея Абламейкі, сёння студэнты гэтай ВНУ арганізоўваюць святы, сустрэчы. Пры ўніверсітэце працуе Студэнцкая асамблея.

“У нас ёсць план, які рыхтуюць студэнты. Гэта дзясяткі мерапрыемстваў, якія рыхтуюць студэнты. Вось, тыдзень таму студэнты ездзілі па школах Навагрудскага раёна. Гэта органы студэнцкага самакіравання. Цяпер яны задумалі правесці еўразіскі форум студэнцкіх арганізацый”, — такія ініцыятывы студэнтаў апісвае рэктар БДУ Сяргей Абалмейка.

У ідэале ўплыў студэнтаў мусіць развівацца: яны могуць выбіраць рэктара, змест адукацыі, сачыць за якасцю выкладчыцкай працы, абіраць заняткі і прадметы.

Балонскі працэс дэкларуе больш самастойнай працы для студэнтаў, менш лекцый і працы пад кантролем выкладчыка. Студэнту давядзецца вучыцца не толькі 3 дні перад сесіяй, бо еўрапейская школа вышэйшай адукацыі актыўна развівае модульную сістэму навучання. Гэта значыць, іспыты і тэсты давядзецца здаваць часцей, чым 2 разы на год.

Ці стануць выкладчыку плаціць больш, калі Беларусь уступіць у Балонскі працэс

Адразу — дакладна не, бо міністры еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі не павысяць заробкі выкладчыкам. Але месца ў Балонскім працэсе падымае прэстыж адукацыі, што ў перспектыве можа прыцягнуць замежных студэнтаў не толькі з Кітая і Туркменістана. Гэта можа паўплываць на даходы ўніверсітэта і выкладчыкаў.

Выкладчыкаў скарачаць не будуць, такіх патрабаванняў няма ў Балонскім працэсе. Выкладчыкі змогуць больш ездзіць на стажыроўкі ў еўрапейскія ўніверсітэты, чытаць там лекцыі. Роўна як і еўрапейскія выкладчыкі могуць ездзіць да нас.

“Тыя выкладчыкі, якія чыталі лекцыі ў еўрапейскіх ВНУ, не маюць страху перад Балонскім працэсам, — ацэньвае міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў у эфіры АНТ, — Але, на жаль, не ўсе прафесары дастаткова ведаюць англійскую мову, каб чытаць лекцыі”.

Змены пасля падпісання дэкларацыі наступяць адразу

Балонскі працэс не дыктуе канкрэтныя ўмовы для вышэйшай адукацыі. Яны не абавязковыя для кожнай краіны ўдзельніцы. Таму ўсё залежыць ад мясцовай улады і чыноўнікаў.

“Усе магчымасці могуць застацца на месцы, — апісвае змены ўдзельнік грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў, — Калі поруч з дэкларацыямі будуць нейкія рэформы, калі будзе клопат пра якасць, то і студэнт, і выкладчык, адчуюць розніцу”.

Шансы Беларусі патрапіць у Балонскі працэс: “за” і “супраць”

Фота: naked-science.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі