Беларус у Егіпце: Тут ціха і спакойна, цяжка заўважыць, што нешта адбылося

Беларус у Егіпце: Тут ціха і спакойна, цяжка заўважыць, што нешта адбылося

"Белавія" працягне лятаць у курортны горад Шарм-эль-Шэйх, нягледзячы на тое, Расія следам за Брытаніяй і Ірландыяй адмяніла ўсе рэйсы ў Егіпет да высвятлення прычын катастрофы пасажырскага самалёта А321. На беларускіх самалётах будзе ўзмоцненая сістэма бяспекі, а нашы спецыялісты праінспектуюць тамтэйшыя аэрапорты. Тым часам Расія пачала эвакуацыю турыстаў, якія мусілі вяртацца пасажырскімі рэйсамі. Сярод іх і беларусы, якія паехалі адпачываць праз Маскву.

Еўрарадыё размаўляе з беларусам, які прыляцеў у Шарм-эль-Шэйх за дзень да трагічнага здарэння.

“Тут усё ціха, спакойна, — распавядае Васіль. — Калі б мы не глядзелі навіны і не хваляваліся людзі на Радзіме, асабліва ў Расіі — у Расіі больш хвалююцца, чым у Беларусі, то мы б нават і не заўважылі, што тут нешта адбылося. Тут праўда ціха і спакойна, ніхто нікога не ганяе і так далей. Адзінае, што ўзмацнілі гарадскія блок-пасты, там стала крыху больш вайскоўцаў”.

Вайскоўцы, нягледзячы на спёку, знаходзяцца ў поўным абмундзіраванні. Яны заглядаюць у аўтамабілі, але дасканала даглядаюць выключна падазроных асобаў. За час адпачынку Васіль назіраў толькі некалькі выпадкаў, калі людзей, якія праходзілі праз блок-пасты, спынялі.

“Усе ў каго былі квіткі на самалёт, так па іх і з’язджаюць, адзінае, што з затрымкамі, — каментуе хлопец выезд турыстаў. — Уляталі людзі, з якімі мы тут раззнаёміліся, кажуць, што ўзнікалі праблемы з адкладаннем рэйсаў, бо больш дасканалая праверка вядзецца, а адпаведна, і чэргі вялікія. Так што, даводзіцца сядзець у аэрапорце па некалькі гадзін, але агулам усё нармальна. Ну, і правілы змяніліся: з сабой можна ручную кладзь толькі пяць ці шэсць кілаграм, а астатні багаж ляціць іншым рэйсам”.

Па словах Васіля, яго новыя знаёмыя на такое правіла не скрадзіліся. Што праўда, ляцеў ён у Егіпет праз Расію, і вяртацца ў Мінск будзе такім жа чынам. Таму свае чамаданы хлопец атрымае з невялікай адтэрміноўкай.

“Дастаўка багажу будзе ажыццяўляцца бартамі МНС Расіі і транспартнымі самалётамі іншых расійскіх авіяперавозчыкаў, — паведамляецца на сайце тураператара, праз якога набываў пуцёўку Васіль. — Увесь багаж дастаўляюць у аэрапорт "Унукава", дзе будзе адбывацца выдача ці адпраўка рэчаў турыстам з іншых рэгіёнаў”.

Мяркуючы па сайце маскоўскага аэрапорта, дзе можна адсачыць рух усіх рэчаў з Егіпта, у Мінск чамаданы ляцяць праз Санкт-Пецярбург, і забраць іх можна ўжо на наступны дзень пасля вылету з Шарм-эль-Шэйха.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі