Беларусь у лічбах: пенсіянеры, кіберзлачыннасць і цэны на бульбу
У 2017 годзе было 3,1 тысячы кіберзлачынстваў, а ў 2020 годзе — 25,5 тысячы / Еўрарадыё
Белстат выпусціў аб'ёмны зборнік пра жыццё беларусаў у лічбах. Еўрарадыё выбрала 9 яркіх фактаў.
1. З 9,3 млн беларусаў 2,4 млн — пенсіянеры. Чвэрць людзей пенсійнага ўзросту працягвае працаваць.
2. З 2017 года ў Беларусі ўсё радзей заключаліся шлюбы, але станавілася ўсё больш разводаў. У 2017 годзе новых сем'яў з'явілася 66,2 тысячы. У 2020-м — 50,4 тысячы. Пры гэтым разводаў у 2017 годзе было 32 тысячы. А ў 2020 годзе іх ужо 35,1 тысячы.
3. Паводле падлікаў Мінздароўя, з 2017 года колькасць лекараў, якія практыкуюць, зменшылася на 3,2 тысячы. Да канца мінулага года ў Беларусі іх было 38,8 тысячы.
4. Больш за траціну сярэднедушавога даходу ў 2020 годзе беларусы патрацілі на прадукты харчавання. На гэтую групу тавараў прыпадала 36,8% ад усіх расходаў. Гэта менш, чым у 2017 годзе (тады было 38,2%), але больш, чым у 2019 годзе (35,7%). Гэта параўнальна шмат, і пры такіх суадносінах расходаў грамадства па міжнароднай класіфікацыі адносіцца да сярэднезабяспечаных. Пакуль заробкі людзей такія, што на ежу даводзіцца аддаваць настолькі істотную іх частку, многія іншыя віды тавараў і паслуг застаюцца для іх недаступнымі.
5. Цэны на бульбу ў Беларусі ставяць рэкорды. У 2017 годзе на сярэднедушавы месячны даход можна было купіць 831,3 кг бульбы, а ў 2020 годзе — толькі 699 кг. Таксама хутчэй, чым даходы, растуць цэны на яблыкі (у 2017 годзе 305 кг, а ў 2020 годзе — 255,1 кг) і марожаную рыбу (127,3 кг у 2017 годзе супраць 114,5 кг у 2020-м).
Такіх прадуктаў, як мяса, малако або масла, на сярэднедушавы даход у 2020 годзе можна было купіць больш, чым у 2017-м, адзначаецца ў зборніку.
6. У 2020 годзе абвалілася наведвальнасць тэатраў. Калі ў 2019 годзе людзі схадзілі туды больш за 1,7 млн разоў, то ў 2020 годзе — усяго 693 тысячы разоў. Зразумела, што асноўная прычына — гэта сітуацыя з каранавірусам. Аднак і тое, што галоўная сцэна краіны — Купалаўскі тэатр — пасля выбараў засталася без часткі трупы і спектакляў, паўплывала на статыстыку.
7. Беларусы сталі больш займацца спортам. У 2020 годзе такіх людзей было 2,42 млн. У 2017 годзе — 2,27 млн чалавек. Пагадзіцеся, праграме #СборнаяЗОЖ, абвешчанай незалежнымі спартсменамі, яшчэ ёсць над чым працаваць!
8. З 2017 года вырасла злачыннасць. Тады было зарэгістравана 86,3 тысячы злачынстваў. Летась іх стала ўжо 95,4 тысячы. Але такіх злачынстваў, як згвалтаванне, крадзеж або хуліганства, становіцца менш. Затое квітнее кіберзлачыннасць.
Крадзяжоў шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі і злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі ў 2017 годзе зафіксавана 3,1 тысячы. А ў 2020 годзе — 25,5 тысячы. Чаму здзіўляцца, калі ўвесь год беларусам праз вайбер назвоньвалі з незнаёмых нумароў і выдурвалі звесткі пра банкаўскія карткі?
9. Паводле звестак МУС, тых, хто адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, з 2017 года стала менш на 8,5 тысячы. У 2020 годзе іх было 34,5 тысячы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.