Беларус, якога абвінавачваюць у выбухах на БАМе, знайшоўся ў СІЗА ў Маскве

Сяргей Ерамееў у судзе ў Омску, 2023 год

Сяргей Ерамееў у судзе ў Омску, 2023 год / tass.ru

Беларус Сяргей Ерамееў, якога абвінавачваюць у выбухах на БАМе ў Расіі, знайшоўся ў СІЗА "Лефортава" ў Маскве. Бліжэйшым часам да яго паспрабуе патрапіць адвакат. Пра гэта паведаміў сузаснавальнік і кіраўнік дабрачыннага фонду BYSOL, праваабаронца Андрэй Стрыжак. Паводле яго слоў, знайсці Ерамеева беларускім праваабаронцам дапамаглі іх расійскія калегі.

Стрыжак заклікае падтрымаць Сяргея Ерамеева лістом альбо бандэроллю. Яго адрас: 111020, Масква, вул. Лефортаўскі вал, д.5, корп. 2, СІЗА-2.

52-гадовага Ерамеева абвінавачваюць у падрыве двух грузавых цягнікоў на БАМе ў канцы лістапада 2023-га. У судзе ён заявіў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць пастаўкам вайсковых грузаў з КНДР для расійскай арміі, якая ваюе супраць Украіны.

Беларуса затрымалі ў Омску. 12 студзеня 2024-га мясцоваму адвакату сказалі, што Сяргея Ерамеева перавялі ў Іркуцк. У канцы студзеня ў іркуцкім СІЗА адвакату заявілі, што беларуса перавялі ў Маскву. Але ўжо трэці адвакат яго не мог там знайсці. А была яшчэ інфармацыя пра этапаванне ў сталіцу Бураціі Улан-Удэ. У сярэдзіне лютага беларускія праваабаронцы запатрабавалі паказаць Ерамеева.

Сяргей Ерамееў раней працаваў на "Нафтане", удзельнічаў у страйку ў 2020 годзе, быў звольнены з палітычных матываў. Па версіі ФСБ, грамадзянін Беларусі нібыта меў заданне ад іншага беларуса, які жыве ў Літве і "дзейнічае пад кантролем спецслужбаў Украіны". Ерамееў прывёз на аўтамабілі з Беларусі ў Бурацію магнітныя міны і заклаў на цыстэрнах грузавых цягнікоў. Дыверсіі былі паспяховыя, рух на чыгунцы часова быў паралізаваны. 

Пасля дыверсіі ў Расіі ў Беларусі прайшлі затрыманні. У Полацку і Наваполацку супрацоўнікі КДБ прыйшлі да дзясяткаў мясцовых жыхароў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі