Беларусь забірае 40% здабытай нафты і аддае яе прадаваць Венесуэле

Высокія тэхналогіі беларусаў па здабычы нафты яшчэ неабходна праверыць у лабараторных умовах. Бо невядома, ці запрацуюць яны на венесуэльскіх радовішчах. Акрамя таго, спецыялісты лічаць, што ў Беларусі здабываць нафту лягчэй, чым у Венесуэле.

Сумеснае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства па здабычы нафты запрацавала напрыканцы 2007 года. З таго часу мінула амаль 3 месяцы. Еўрарадыё вырашыла даведацца, колькі нафты там здабылі і колькі грошай Беларусь на гэтым зарабіла.

Па словах генеральнага дырэктара па геалогіі прадпрыемства “Беларуснафта” Валерыя Бескапыльнага, Беларусь пачала ўжо атрымліваць свае барэлі венесуэльскай нафты. Па ўмовах кантракту нам належыць 40 адсоткаў ад здабытага “чорнага золата”. Усю сваю частку нафты Беларусь аддае Венесуэле, каб тая нам яе прадала.

Валерый Бескапыльны: “Уся нафта, якая здабываецца сумесным прадпрыемствам, рэалізуецца венесуэльскім бокам. Прыбытак падзяляецца ў адносінах 60 да 40. Іх доля – 60, наша – 40. То бок, мы не займаемся продажам нафты”.

Як вядома з паведамленняў афіцыйных СМІ, беларускі бок зацікавіў венесуэльскіх нафтавікоў на стварэнне сумеснага прадпрыемства нейкімі перадавымі тэхналогіямі здабычы. Што гэта за тэхналогіі, Еўрарадыё расказаў намеснік дырэктара “Беларуснафты”.

Валерый Бескапыльны: “Паколькі радовішчы старыя, абводненыя, мы прапаноўваем свае тэхналогіі павышэння нафтааддачы пластоў. Каб менш у прадукцыі было вады, а больш нафты. І каб тыя ўчасткі, якія не ахопленыя выпрацоўкай, былі выпрацаваныя”.

Але як стала вядома Еўрарадыё, нягледзячы на тое, што сваю частку венесуэльскай нафты беларускі бок забірае, дзяліцца з кампаньёнамі айчыннымі ноў-хаў у галіне здабычы “Беларуснафта”, па словах намесніка генеральнага дырэктара, не спяшаецца. Нават не ўпэўненыя, ці спрацуюць яны там.

Валерый Бескапыльны: “Зараз ідуць перамовы наконт таго, каб нашы спецыялісты паехалі туды і сумесна з іх спецыялістамі паглядзелі, праверылі: ці пойдуць гэтыя тэхналогіі, які будзе эфект? Спачатку ў лабараторных умовах. А потым прапанаваць іх на радовішчах”.

Дарэчы, беларусы ўжо сёння працуюць на нафтавых радовішчах Венесуэлы. Прадстаўнік “Беларуснафты” кажа, што пасылаюць туды толькі самых высакакласных спецыялістаў. Кажа, нават простых інжынераў туды дасылаць не будуць. Але потым удакладніў, што простых рабочых не будзе на нафтавых вышках. А ў рамонтныя брыгады рабочыя, якія спадзяюцца добра зарабіць у экзатычных умовах Лацінскай Амерыкі, маюць шанец патрапіць.

Па словах намесніка дырэктара, сілком людзей у Венесуэлу не выпраўляюць. Спрабуюць зацікавіць добрымі заробкамі ды экзотыкай. Але ў якіх лічбах выяўляецца гэтая зацікаўленасць, сказаць адмовіўся. Што ж тычыцца экзотыкі, то, да прыкладу, сам ён яе ўжо аб’еўся і таму паехаць папрацаваць у Венесуэлу не імкнецца.

Валерый Бескапыльны: “Дзякуй вялікі за прапанову, я сем гадоў адтарабаніў у Алжыры. Наеўся гэтай экзотыкі на ўсё жыццё!”

Тым больш, што, як прызнаўся Еўрарадыё галоўны геолаг “Беларуснафты”, здабываць нафту ў Венесуэле не вельмі проста. Нават сказаў, што ў Беларусі рабіць гэта лягчэй.

Валерый Бескапыльны: “Ступень выпрацаванасці радовішчаў прыкладна аднолькавая – што ў нас, што ў Венесуэле. Магчыма, нават можна сказаць, што ў нас умовы лепшыя, чым у іх. Менш складаныя для распрацовак”.

Нягледзячы на гэта, кажа, што Беларусь не збіраецца спыняцца на Венесуэле ў сваёй сусветнай нафтавай экспансіі. І ў хуткім часе “Беларуснафта” пачне распрацоўваць радовішча ў Іране. Куды ізноў давядзецца пасылаць высакакласных спецыялістаў. І стратай выезд беларускіх прафесіяналаў за мяжу намеснік дырэктара не лічыць. Кажа, мы не раскідваемся імі, а зарабляем дзяржаве грошы. Але сказаць, колькі мы ўжо зарабілі ў Венесуэле і колькі яшчэ плануем зарабіць, адмовіўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі