Беларуса афіцыйна папярэдзілі за вывезеныя ў Расію беспілотнікі

Беспілотнік, які трапіў пад праверку пракуратуры

Беспілотнік, які трапіў пад праверку пракуратуры / prokuratura.gov.by

Жыхара Магілёўскай вобласці пракуратура афіцыйна папярэдзіла за вывезеныя ў Расію два беспілотнікі. Замест таго, каб здаць на захоўванне ў "Белаэранавігацыю", мужчына перадаў іх блізкім сваякам. Яшчэ адзін магілёвец прадаў свой беспілотнік "неўстаноўленай асобе". Гэтыя выпадкі адбыліся ў Клімавіцкім і Клічаўскім раёнах. Мужчыны пасля атрымання папярэджанняў пісьмова звярнуліся ў Дэпартамент па авіяцыі і знялі беспілотнікі з уліку.

Пракуратура Магілёўскай вобласці правярала не толькі фізічных асоб, за якімі лічыліся грамадзянскія беспілотнікі, але і юрыдычных асоб, а таксама ІП. Высветлілася, што апошнія ў шэрагу выпадкаў не паставілі беспілотнікі на ўлік, а "асобныя апараты" ўвогуле выкарыстоўваліся "без дазвольнай дакументацыі".

Як вядома, захоўваць і карыстацца дронамі на тэрыторыі Беларусі фізічным асобам забараняе ўказ Аляксандра Лукашэнкі ад 25 верасня 2023 года. "У поўную сілу" ён пачаў дзейнічаць вясной 2024-га. Грамадзяне, якія мелі ва ўласнасці беспілотнікі, былі абавязаны да 25 сакавіка "ажыццявіць адчужэнне або перадачу на захоўванне свайго БЛА" ў РУП "Белаэранавігацыя".

Чыноўнікі прызнаваліся, што не ведаюць, колькі беспілотнікаў знаходзілася ў валоданні беларусаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі