Беларуса ў Балгарыі затрымалі за экспарт у Расію тавараў падвойнага прызначэння

Тавары падвойнага прызначэння

Тавары падвойнага прызначэння / МУС Балгарыі

Па абвінавачванні ў экспарце ў Расію тавараў і тэхналогій падвойнага прызначэння ў Балгарыі затрыманыя 12 чалавек, у тым ліку грамадзянін Беларусі, піша Reform.by. Экспарт такіх тавараў парушае санкцыі, уведзеныя ў сувязі з вайной ва Украіне.

Паводле звестак Дзяржагенцтва нацыянальнай бяспекі Балгарыі (ДАНБ), расійскія войскі выкарыстоўвалі названыя тавары для баявых дзеянняў ва Украіне.

Акруговая пракуратура горада Плоўдзіў удакладняе, што група дзейнічала з 2022 года. Адзін з арганізатарам зарэгістраваў кампанію ў Плоўдзіве. Кампанія закупіла аптычныя прыцэлы, балістычныя вылічальнікі, авіяцыйныя радыёстанцыі ды іншыя тавары на суму каля 4 мільёнаў леваў (каля 2,17 мільёна долараў). Уся партыя захоўвалася ў жылым памяшканні, там тавары пераўпакоўвалі і рыхтавалі да вывазу ў Расію.

Большасць сярод затрыманых — грамадзяне Балгарыі. Замежнікаў пяцёра — трое грамадзян Расіі, адзін албанец і адзін беларус.

"Арышт пяцярых затрыманых адбыўся ў аэрапорце Сафіі, калі яны спрабавалі пакінуць краіну, накіроўваючыся ў Расію ў якасці канчатковага пункту прызначэння. Пяцярым затрыманым замежнікам выстаўленыя абвінавачванні", — паведамляе ДАНБ.

Таксама балгарская спецслужба заяўляе, што названая група дзейнічала на тэрыторыі Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Сербіі, Сінгапура, ААЭ ды іншых краін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі