Беларусам у Расіі дазволяць не здаваць экзамен па рускай мове
Беларусам у Расіі дазволяць не здаваць экзамен па рускай мове. Для гэтага будуць унесеныя папраўкі ў закон аб нормах знаходжання замежных грамадзян у Расійскай Федэрацыі, заявіў 15 снежня па выніках сустрэчы ў Маскве з Аляксандрам Лукашэнкам расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.
Ён нагадаў, што з 1 студзеня бягучага года замежныя грамадзяне, якія жадаюць жыць і працаваць у Расіі, павінны пацвердзіць валоданне рускай мовай, веданне расійскай гісторыі і асноў заканадаўства. Аднак, "улічваючы асаблівы характар расейска-беларускіх сувязяў", было прынятае "прынцыповае рашэнне" не распаўсюджваць дзеянне гэтых нормаў на грамадзян Беларусі. Адпаведны законапраект ужо падрыхтаваны і разглядаецца ў Дзяржаўнай Думе, сказаў Пуцін.
Расійскі прэзідэнт адзначыў, што "прыняцце гэтага дакумента ў поўнай меры адпавядала б прынцыпам саюзніцкага ўзаемадзеяння Расіі і Беларусі", інфармуе РІА "Новости".
Лукашэнка падзякаваў Пуціну за гэтае рашэнне ды заявіў, што "руская мова — наша родная мова".
Фота: ria.ru, БЕЛТА