Беларусам, якія не ўцяклі са здымак фільма аб вайне з Украінай, абяцаюць прэмію
На здымачнай пляцоўцы фільма "Сваіх не кідаем"
Беларусам, якія пагадзіліся зняцца ў расійскім прапагандысцкім фільме пра вайну ва Украіне "Сваіх не кідаем", арганізатары здымак паабяцалі дадатковы ганарар. Пра гэта расказвае Тэлеграм-канал "Святы Белавуд". Прэмію выплацяць "за стойкасць і тое, што не падвялі нас як многія іншыя".
Судзячы па гэтым паведамленні, знайсці людзей для здымак было няпроста — відавочна, яны альбо не згаджаліся ўдзельнічаць у праекце, альбо адмовіліся падчас здымак. Тых, хто застаўся, верагодна, вырашылі дадаткова прастымуляваць.
Нагадаем, фільм "Сваіх не кідаем" — гэта расійскі прапагандысцкі фільм пра вайну ва Украіне, які здымаецца на грошы Міністэрства культуры Расіі. Здымкі праходзілі ў траўні ў Смалявічах з удзелам беларускіх акцёраў. Рэжысёрам стужкі выступіў расійскі кінематаграфіст узбекскага паходжання Раўф Кубаеў. Да гэтага часу ён здымаў тэлесерыялы і меладрамы накшталт "Псеўданім Албанец" і "Адно жыццё на дваіх". Сцэнар напісаў маскоўскі акцёр Зміцер Сафронаў, для яго гэтая карціна стала драматургічным дэбютам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.