Беларускага алігарха маглі затрымаць за вывад капіталу з краіны
Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманне Уладзіміра Япрынцава і яго сына Казбека дагэтуль няма.
Затрыманне саўладальніка холдынгу "Трайпл" Уладзіміра Япрынцава працягвае абрастаць версіямі. Інтэрнэт-выданне "Ежедневник" са спасылкай на свае крыніцы піша, што беларускага алігарха затрымалі 14 жніўня, калі ён святкаваў дзень нараджэння. Прычынай арышту, па звестках выдання, магло стаць прадухіленне спробы вываду капіталу з краіны.
Афіцыйных звестак пра тое, чаму праваахоўнікі затрымалі аднаго з беларускіх алігархаў, а таксама яго сына Казбека, па-ранейшаму няма. Не пацверджанае і само затрыманне бізнэсоўца. Паводле інфармацыі журналістаў, Япрынцаў нібыта ці то збіраўся, ці то пачаў пераводзіць у афшоры некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў.
Дарэчы, у снежні 2014 года Аляксандр Лукашэнка публічна папярэджваў пра забарону на вывад капіталу яшчэ аднаго вядомага бізнэсоўца — Аляксандра Шакуціна: "У Беларусі можна працаваць, не трэба хаваць грошы і кудысьці выводзіць — укладайце, гэта ваша, ніхто гэта не адбярэ". Па яго словах, заробленыя грошы павінны не выводзіцца ў афшоры, а ўкладацца ў эканоміку Беларусі.
Раней у СМІ паведамлялася, што Япрынцавых маглі арыштаваць праз праблемную сітуацыю з украінскімі партнёрамі з кампаніі Jaspen Capital Partner. Ім Казбек Япрынцаў і яго партнёры, атрымаўшы грошы, не паставілі дызпаліва. Гарантам гэтай угоды выступаў холдынг "Трайпл". Цяпер украінцы рыхтуюць пазоў на холдынг у Лонданскі суд.
Фота: freesmi.by