Беларускага часовага паверанага выклікалі ў МЗС Украіны пасля заяваў Лукашэнкі

Беларускага часовага паверанага выклікалі ў МЗС Украіны пасля заяваў Лукашэнкі

Беларускага часовага паверанага Кірыла Камышава выклікалі ў МЗС Украіны, каб выказаць пратэст з нагоды заяваў Аляксандра Лукашэнкі на ўчарашняй прэс-канферэнцыі. Гэтыя заявы ў МЗС Украіны назвалі недапушчальнымі. 

Беларускаму дыпламату паведамілі, што гатоўнасць Лукашэнкі прызнаць Крым расійскім "з'яўляецца раўназначнай саўдзелу ў злачынстве Крамля супраць тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны".

Таксама ў беларускага дыпламата папрасілі патлумачыць словы пра тое, што Рамана Пратасевіча нібыта дапытвалі пракуроры з так званай "Луганскай Народнай Рэспублікі". Раней беларускі МЗС у афіцыйным адказе катэгарычна абверг гэты факт. 

Заявы Лукашэнкі пра перапраўку зброі з краіны ў Беларусь і падрыхтоўку баевікоў ва ўкаінскім МЗС назвалі "безадказнай і далёкай ад рэалій прапагандай". 

"Відавочна, гэта з'яўляецца прадуктам штучна створанага крамлёўскімі прапагандыстамі у асяроддзі А. Лукашэнка вобразу Украіны як "варожага" да Беларусі і беларускага народу, што зусім не адпавядае рэчаіснасці. Фэйкамі пра знешнія пагрозы дзяржаўнасці Беларусі з боку Украіны і іншых заходніх дзяржаў А. Лукашэнка спрабуе апраўдаць свае рэпрэсіўныя метады і абмежаванні правоў і свабод грамадзян Беларусі", — гаворыцца ў каментары ўкраінскага замежнапалітычнага ведамства.

Таксама ўкраінскія дыпламаты звярнулі ўвагу на тое, што Лукашэнка пагражаў "паставіць на калені", прыкрываючыся Пуціным. Гэтыя словы ў Кіеве назвалі праявай слабасці. "Пуцін не змог паставіць Украіну на калені, таму надзеі Лукашэнкі на яго з'яўляюцца пройгрышнай стаўкай", — дадалі ў МЗС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі