Беларускі амбасадар: пазіцыя Масквы па энерганосьбітах супярэчыць інтэграцыі
Пазіцыя Расіі па коштах на нафту і газ для Беларусі выклікае пытанні ў мэтазгоднасці інтэграцыі. Пра гэта 4 чэрвеня заявіў амбасадар Беларусі ў Маскве Уладзімір Сямашка.
Заява прагучала на экспертнай сесіі "Расія і Беларусь: будучыня пасля пандэміі". Мерапрыемства адбылося ў фармаце відэаканферэнцыі.
Сямашка падкрэсліў, што на адзіным рынку Саюзнай дзяржавы кошты на энерганосьбіты павінны быць супастаўнымі. Падатковы манеўр, які Расія правяла ў нафтавай галіне, істотна пагоршыў справы беларускага нафтахімічнага комплексу. Па словах дыпламата, на расійскім рынку існуе дыскрымінацыя беларускіх вытворцаў, у кошты на газ для Беларусі істотна адрозніваюцца ад коштаў для Расіі. Згадаў ён і нядаўнюю забарону на ўвоз нафтапрадуктаў у Расію, а таксама перыядычныя "гандлёвыя войны" — цукровыя, малочныя, мясныя ды іншыя. "Узнікае пытанне: а ў чым тады палягае інтэграцыя?" — цытуе яго абурэнне прэс-служба амбасады.
Сямашка заявіў, што Беларусь не патрабуе прэферэнцыяў, а настойвае на роўных умовах гаспадарчай дзейнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.