Беларускі футбаліст Ілля Шкурын стане гульцом варшаўскай "Легіі"?

Ілля Шкурын / gol24.pl
Беларускі футбаліст Ілля Шкурын стане гульцом варшаўскай "Легіі", сцвярджае польскі спартовы партал meczyki.pl. Па яго інфармацыі, у сераду ён пройдзе медабследаванне і падпіша з клубам кантракт, разлічаны да чэрвеня 2028-га. Кошт трансферу складзе 1,5 млн еўра.
Шкурыну 25 гадоў. У 2019-м ён стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Беларусі, у складзе "Энергетыка-БДУ" забіў 19 галоў. Пасля былі ЦСКА, кіеўскае "Дынама" і польскі "Ракуў". У 2022-2023 гадах беларус гуляў у Ізраілі, зноў стаў шмат забіваць. Пераход у польскую "Сталь" аказаўся ўдалым. У першым сезоне Ілля Шкурын забіў 16 галоў (другое месца сярод бамбардзіраў чэмпіянату Польшчы). У 19 гульнях гэтага сезону форвард забіў 5 галоў і аддаў 2 галявыя перадачы.
"Сталь" — серадняк, а "Легія" займае чацвёртае месца ў экстракласе, адстае ад лідара "Леха" на 5 ачкоў. Як стала вядома, Шкурын у выпадку пераходу ў "Легію" не зможа згуляць у Лізе канферэнцый — дазаяўкі на турнір былі закрытыя 6 лютага.
У 2020-м Ілля Шкурын падтрымаў пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і выступіў супраць гвалту з боку сілавікоў. Ён тады заявіў, што не будзе выступаць за нацыянальную зборную Беларусі, пакуль краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.