Беларускі паралімпіец грае ў грайндкор-гурце. Іх альбом выйшаў у Чэхіі
Беларускі горграйнд/грайндкор гурт Grindzilla з Гомеля выпусціў свой дэбютны альбом "Toshinquandon". Партыі ўдарных для рэлізу запісаў чэмпіён Паралімпійскіх гульняў у Рыа-2016 па плаванні сярод спартсменаў з абмежаваннямі па зроку Уладзімір Ізотаў.
Альбом выйшаў на чэшскай лэйбле Bizarre Leprous Production, які спецыялізуецца на выданні экстрэмальных груп. Ударныя Ізотаў (у групе яго называюць Туся) запісаў на рэпетыцыйнай базе Three Dead Rats ў Гомелі. Астатнія запісы зробленыя ў гаражы гурта Grindzilla, які плывец купіў на прызавыя з Паралімпіяды-2012 у Лондане, дзе ён заваяваў "срэбра".
"Сачыненне песень у асноўным праходзіла ў працэсе запісу альбома, — распавядае Еўрарадыё вакаліст гурта Андрэй Свіноўскі. — Тут так, а вось тут так. Як папрэ — так і будзе".
Назва "Toshinquandon" была прыдуманая выпадкова. Падчас аднаго з канцэртаў гэтае слова (а дакладней, два) выдаў сесійны гітарыст гурта: "То шынквандон быў!" — калі Свіноўскі размахваў рукамі. "Мы вельмі загарэліся гэтым абсурдам і да гэтага часу ўгараем", — дадае вакаліст.
Удзельнікі Grindzilla вельмі задаволеныя матэрыялам. Наклад альбома ў хуткім часе прыбудзе ў Беларусь. У бліжэйшых планах гурта рэпетыцыя праграмы з новым складам. Акрамя таго, Grinzdilla значыцца ў ліку ўдзельнікаў фестывалю Brutality Invasion VI, які пройдзе 27 кастрычніка ў Гомелі.