"Беларускі след" у расследаванні забойства Паўла Шарамета
У справе забойства Паўла Шарамета ўкраінскія праваахоўнікі знайшлі "беларускі след". Гэта вынікае з інфармацыі, якая прагучала 8 лютага на спецыяльным брыфінгу ў Кіеве.
Следчыя заявілі, што асноўнай версіяй забойства вядомага журналіста лічыцца яго прафесійная дзейнасць — прычым не толькі ва Украіне. "Публікацыі журналіста і выпускі яго праграм мелі крытычны характар у адносінах да дзеючай улады як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў Расійскай Федэрацыі", — падкрэсліў начальнік Галоўнага следчага ўпраўлення Аляксандр Вакуленка.
Таксама следчыя падкрэслілі, што жанчына, якая заклала выбухоўку ў машыну Шарамета, прайшла каля беларускай амбасады ў Кіеве перад тым, як схавацца ў метро. Па іх словах, маршрут гэтай жанчыны быў "незвычайным".
Міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў у сваім выступе паведаміў, што паводле версіі следства да забойства Шарамета могуць быць датычныя грамадзяне Беларусі:
Авакаў: "Мы бярэм да ўвагі некаторыя версіі. У тым ліку і групы асобаў, якія ў цяперашні момант не знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, а ў момант злачынства знаходзіліся на тэрыторыі Украіны. У тым ліку — грамадзян Расійскай Федэрацыі. У тым ліку — беларускіх грамадзянаў. У тым ліку — грамадзян трэціх краінаў".
Колькі беларускіх грамадзянаў праходзіць па справе, Авакаў не ўдакладніў.