Працэс па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета пачнецца нанова

Помнік Паўлу Шарамету ў Кіеве / Еўрарадыё
Помнік Паўлу Шарамету ў Кіеве / Еўрарадыё

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева пачне нанова разглядаць справу аб забойстве журналіста Паўла Шарамета, піша сайт "Ґрати". Паўторны разгляд павінен пачацца 23 чэрвеня.

Справу разглядаў суд прысяжных, але двое з іх выбылі з працэсу. Па словах Дзмітрыя Кругавога, адваката падсуднага Андрэя Антоненкі, адзін з прысяжных мабілізаваўся, другая — пакінула Украіну.

2 чэрвеня Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева зацвердзіў новы склад прысяжных. У адпаведнасці з украінскімі законамі, у такім разе слуханні пачынаюцца нанова. Хаця дагэтуль суд ішоў амаль тры гады, цяпер яго вынікі абнуліліся.

Журналіст беларускага паходжання Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года. Яго аўтамабіль быў падарваны ў цэнтры Кіева. Экс-агент ФСБ Аляксандр Лісянкоў заяўляў, быццам забойства Паўла Шарамета арганізавалі расійскія спецслужбы.

Па справе аб забойстве былі затрыманыя спецназавец Андрэй Антоненка (ён жа рок-музыка Riffmaster), дзіцячы хірург і валанцёр Юлія Кузьменка і ваенная медсястра Яна Дугар. Усе яны заявілі, што не маюць да забойства Шарамета ніякага дачынення.

Пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання Антоненка заставаўся пад начным хатнім арыштам, але ўсё адно адразу адправіўся ваяваць. Яна Дугар была мабілізаваная 25 лютага і з таго часу, па яе словах, перабывае ў асноўным на ўсходзе краіны. Яна стала афіцэрам і цяпер кіруе медыцынскім пунктам батальёна. Юлія Кузьменка па-ранейшаму працуе хірургам у Кіеве.

Паведамляецца, што суд за амаль тры гады паспеў амаль цалкам даследаваць пісьмовыя доказы і відэа пракуратуры і абароны. Ужо мусілі пачацца допыты сведкаў, якіх у справе заяўлена 270. Цяпер працэс можа зацягнуцца яшчэ больш — з улікам удзелу дваіх падсудных у баявых дзеяннях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі