Суд па справе забойства Паўла Шарамета прыпынілі — фігуранты на фронце

Суд у Кіеве

Суд у Кіеве / pravda.com.ua

Суд па справе забойства журналіста "Украінскай праўды" Паўла Шарамета прыпынілі, паколькі некаторыя фігуранты знаходзяцца на фронце, паведамляе pravda.com.ua. Беларускі журналіст загінуў 20 ліпеня 2016 года. Яго аўтамабіль быў падарваны ў цэнтры Кіева.

Спыніць разгляд справы папрасіла абарона абвінавачаных. Высветлілася, што медык Яна Дугар была мабілізавана ва Узброеныя сілы Украіны, займае кіруючую пасаду, эвакуюе байцоў з поля бою. Андрэй Антоненка служыць у войску па кантракце, ваюе на адным з важных напрамках фронту. Трэцяя фігурантка справы Юлія Кузьменка, як лекар, ездзіць у прыфрантавыя раёны.

Выданне адзначае, што пацярпелыя падтрымалі прыпыненне разгляду справы — адвакат таксама на фронце.

Падазраваныя былі затрыманыя толькі ў снежні 2019-га года. Імі сталі былыя ўдзельнікі аперацыі ў Данбасе Андрэй Антоненка, Юлія Кузьменка і Яна Дугар. Па версіі следства, Дугар дапамагала рыхтаваць злачынства, а Антоненка і Кузьменка непасрэдна закладвалі выбухоўку і ажыццявілі выбух. Усе трое — толькі выканаўцы.

Першапачаткова Антоненка і Кузьменка арыштавалі, а Дугар адправілі пад кругласутачны хатні арышт. Але пазней меру стрымання ўсім тром змякчылі. Яны сваёй віны не прызнаюць.

Павел Шарамет — вядомы беларускі журналіст, які вымушаны быў з'ехаць у Расію, а пасля пераехаў ва Украіну. Ён вядомы сваімі расследаваннямі знікненняў у Беларусі апазіцыйных палітыкаў, аператара Змітра Завадскага

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі