Беларускія ІП масава адмаўляюцца ад гандлю на рынках
Беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі масава нясуць заявы ў адміністрацыі гандлёвых цэнтраў і рынкаў аб прыпыненні дзейнасці або спыненні адносінаў. Пра гэта БелаПАН паведамляе са спасылкай на інфармацыю прадпрымальніцкага аб’яднання “Перспектыва”.
Арганізацыя таксама мае звесткі, што адміністрацыя сталічнага гандлёвага цэнтра “Ждановічы” збірае такія заявы і перадае іх у адміністрацыю Цэнтральнага раёна Мінска, на тэрыторыі якога размешчаны гандлёвы цэнтр.
14 снежня на форуме прадпрымальнікаў у Мінску многія іпэшнікі заявілі пра намер вымушана прыпыніць сваю працу з 1 студзеня 2016 года ў сувязі з аб’ектыўнай немагчымасцю выканаць патрабаванні ўказа № 222 і тэхрэгламента.
Згодна з указам № 222, з 1 студзеня 2016 года іпэшнікі могуць рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Аднак расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляецца большасць беларускіх гандляроў, адмаўляюцца выдаваць такія дакументы, або даюць фіктыўныя даведкі. Гэта робіцца падставай для штрафаў і канфіскацыяў. Прадпрымальнікі неаднаразова звярталіся да ўладаў з заклікам адмяніць гэты ўказ, але рэакцыі з боку ўладаў не было.
Фота: svaboda.org