Беларускія католікі адзначаюць урачыстасці Маці Божай Будслаўскай
Беларускія католікі адзначаюць урачыстасці Маці Божай Будслаўскай. Традыцыйны Будслаўскі фэст праходзіць у Мядзелскім раёне ў аграгарадку Будслаў — у тутэйшым касцёле Унебаўзяцця Божай Маці знаходзіцца адзін з найбольш шанаваных католікамі абразоў.
Абраз Маці Божай Будслаўскай стварыў невядомы майстар XVI стагоддзя, пасля чаго святыню падаравалі мінскаму ваяводзе Яну Пацу. Пазней ён ахвяраваў абраз Будслаўскаму касцёлу бернардынцаў. Паводле легенды, менавіта святары гэтага каталіцкага ордэну назіралі з’яўленне ў Будславе Маці Божай — падчас аднаго з абрадаў з неба заззяла незвычайнае святло. З таго часу пілігрымы сталі адведваць касцёл, каб пакланіцца святыні.
Сёння Маці Божую Будслаўскую лічаць апякункай і абаронцай усіх беларускіх католікаў. Штогод у першыя дні ліпеня на Будслаўскі фэст прыбываюць тысячы пілігрымаў з Беларусі і іншых краінаў.