Беларускія кіроўцы ўчынілі беспарадкі каля літоўскага памежнага пераходу
Аўтамабільная чарга
Беларусы ўчынілі беспарадкі каля памежнага пераходу ў Літве. Пра гэта піша літоўскае выданне 15min.lt са спасылкай на відавочцу.
Паведамляецца, што беларусы патрабавалі, каб літоўскія кіроўцы стаялі з імі ў адной чарзе на мытні, хаця там выкарыстоўваецца іншы парадак: для літоўцаў існуе асобная чарга.Па словах мужчыны, беларусы паводзіліся агрэсіўна: пашкодзілі літоўскую машыну, а супакоілі іх толькі паліцыянты, якія прыбылі далёка не адразу.
"Стаялі тры літоўскія аўтамабілі, якія былі заблакаваныя, а самі беларусы проста ляжалі пад коламі. Калі пачыналі ехаць, клаліся на капот. Палохалі, што вось-вось спусцяць шыны і разаб'юць машыну. Пагражалі ўдарыць па твары і гэтак далей", — дзеліцца ўражаннямі відавочца падзеяў.
Ён кажа, што беларусы патрабавалі, каб літоўскія машыны сталі ў самы канец агульнай чаргі, дзе стаялі толькі беларускія аўтамабілі. Тых, хто не пагаджаўся, блакавалі. "Яны думаюць, што ёсць нейкая агульная чарга, але чэргі асобныя. Ёсць пост, які правярае літоўскія аўтамабілі, а ёсць — беларускія", — тлумачыць відавочца.
У выніку літоўцы паскардзіліся памежнікам. Тыя патлумачылі пра асобны пост для праверкі літоўскіх аўтамабіляў, але дадалі, што па дарозе да КПП рух рэгулююць не яны — гэта абавязак паліцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.