Беларускія пісьменніцы не любяць, калі іх называюць прыгажунямі?

У кнігарні галерэі “Ў” вы праводзіце дыскусіі пра жаночую літаратуру. Раскажыце, навошта гэта робіцца і чаму менавіта цяпер?

Аляксандра Дынько: Праект называецца “Жаночы досвед у літаратуры і грамадстве” і складаецца з трох дыскусій, якія адбываюцца на падставе двух зборнікаў жаночай прозы – “Пакахай мяне, калі ласка” і “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю”.

Чаму цяпер? Таму што ў мінулым годзе з’явіўся другі зборнік жаночай прозы, у 2007 годзе выйшаў першы. Хацелася паглядзець на тое, што змянілася ў жаночай прозе, якія новыя аўтары з’явіліся, новыя формы. І ці мае гэтая літаратура нейкі водгук у нашым грамадстве.

Увогуле, што такое “жаночая літаратура”? І хто яе чытач – самі жанчыны або мужчыны таксама?

Жаночая літаратура – гэта тая, дзе жанчына-аўтар асэнсоўвае сябе як жанчыну, менавіта сыходзячы са сваёй палавой і гендэрнай прыналежнасці. Таму асноўнай фокус-групай усё адно будуць жанчыны, якія шукаюць сябе, шукаюць адказы на пытанні свайго жыцця. Ну, і зацікаўленыя мужчыны таксама – літаратуразнаўцы, крытыкі, зайздросныя мужчыны-пісьменнікі і г.д.

З якой мэтай вы звяртаеце на гэта ўвагу – супрацьпастаўляеце жаночую літаратуру мужчынскай? Ці не зневажаюць такія дыскусіі жанчын як аўтарак? Літаратура, яна і ёсць літаратура – няважна, хто яе аўтар: мужчына ці жанчына. Ніхто ж не праводзіць дыскусіі на тэму “мужчынская літаратура”…

На маю думку, не зневажае, нават наадварот робіць лепш, калі да жанчын-аўтарак прыцягваецца ўвага. Укладанне і выданне такога кшталту зборнікаў ёсць, насамрэч, грамадскім актам. Калі нехта лічыць, што зневажае, у іх ёсць магчымасць прыйсці, выказаць сваю думку і аргументаваць яе.

Я акурат думаю, што на другой дыскусіі паміж актывісткамі жаночых рухаў, гэтае пытанне магчыма і будзе ўзнята.

У Беларусі ёсць толькі два зборнікі жаночай прозы?

Так. Прынамсі, зборнікі, на якіх напісана “жаночая проза”.

Падчас першай дыскусіі, ад адной з аўтарак жаночага зборніку прагучала меркаванне, што ўсё гэта, вядома, добра, але двух зборнікаў дастаткова – два зборнікі ёсць, і ўжо хопіць, больш не трэба…

Паглядзім, як будзе развівацца наша літаратура далей. У 2007 годзе мне, як укладальніцы першага зборніка, падавалася, што з’явіліся нейкія прыкметныя тэксты, якія кажуць пра жанчыну нешта іншае, і варта іх сабраць разам, варта паказаць, што такі досвед у літаратуры прысутнічае. У 2009-м годзе такая самая думка з’явілася ў “Дзеяслова”. Што будзе далей, не магу прадказаць…

Зразумела, калі глядзець на сусветны літаратурны працэс, там цікавасць да менавіта зборнікаў жаночай прозы, да прадстаўлення гэтага, як асобнага камерцыйнага прадукту спала. Ужо гадоў 20 такога ніхто не робіць.

Але калі рабілі, гэта было больш за два зборнікі?

Так, гэта была цэлая плынь, яна была безумоўна звязаная з фемінісцкім рухам на пачатку 2-й паловы ХХ стагоддзя. Вось мы цяпер глядзім на гэтыя зборнікі – нібыта нічога адмысловага там і няма, але мы мусім звяртаць увагу на тое, што ў 50-я гады з’яўленне такой колькасці жанчын-аўтарак, з’яўленне такіх тэм і спосабу пісьма было сапраўды нечым нечаканым і новым.

І тое, што мы выпусцілі такія зборнікі толькі на пачатку ХХІ стагоддзя – гэта такі, можа нават троху самагубчы акт. Таму што, калі глядзець на працэс эмансіпацыі жанчын у Еўропе і свеце, то мы, натуральна, вельмі адсталі.

Чаму самагубчы?

У нас усё было добра – адзін саюз пісьменнікаў, другі саюз пісьменнікаў, быў плач па мове ўвесь час, была наша цудоўная гістарычная проза… І тут раптам бац – у 2007 годзе выходзіць зборнік жаночай прозы, пра які мне ўсе, каго б я не сустрэла, казалі: “Саша, навошта ты гэта зрабіла?” Між тым, гэты зборнік атрымаў у нас найбольшую колькасць рэцэнзій і сапраўды прыцягнуў вялікую ўвагу. Таму мне дагэтуль падаецца, што гэта вельмі важна, і я ганаруся тым, што ён ёсць.

Ці змяняе такая літаратура сучасную беларускую жанчыну? У які бок?

Калі гэта сапраўдная жаночая проза, яна мусіць змяняць жанчыну. Наколькі яна змяняе, мы і паспрабуем у зразумець у гэтых дыскусіях. У 3-й дыскусіі будуць удзельнічаць студэнты – інжынеры, філолагі, псіхолагі, медыкі… Цікава будзе паглядзець на абсалютна незаангажаваную аўдыторыю, якая не ўдзельнічае ў нашых літаратурных разборках, а проста з’яўляецца спажыўцом літаратуры, паглядзець на тое як успрыманне такога кшталту літаратуры залежыць ад прафесійнай арыентацыі.

Зборнікі, на якіх напісана, што гэта жаночая літаратура, у Беларусі ёсць. Але ці ёсць у нас сама жаночая літаратура, у тым разуменні, якое мы вызначылі?

Для мяне найлепшым прыкладам жаночай літаратуры ў Беларусі ёсць аповесць Алены Брава “Каменданцкі час для ластавак”. Там такі сюжэт, што жанчына беларуска выходзяць замуж за кубінца, з’язджае на Кубу, апісваецца яе побыт, жыццё на Кубе, нараджэнне дзіцяці і вяртанне ў Беларусь.

Калі сыходзіць з нашага вельмі сціплага азначэння жаночай прозы, да якога мы тут прыйшлі, то сапраўды – там галоўная гераіня – жанчына, там апісваецца яе жыццё, сацыяльная роля, жаночы побыт і абавязкі, барацьба са стэрэатыпамі альбо падпарадкаванне ім, яе свядомае жаночае рашэнне вярнуцца ў Беларусь – гэта сапраўды жаночая літаратура.

У дыскурсе беларускай жаночай прозы для мяне дакладна ёсць яшчэ два імені – Ева Вежнавец і Марыя Роўда. Менавіта са з’яўленнем гэтых імёнаў, для мяне адкрылася вакно ў беларускую жаночую літаратуру. Раней ніхто так не пісаў, ніхто не ўводзіў такіх гераінь, ніхто так не апісваў мужчыну, стасункі паміж мужчынай і жанчынай.

Таксама хацела б узгадаць Марыйку Мартысевіч, не толькі як аўтарку, хаця для мяне феміністычная лінія ў яе творчасці відавочная, але таксама як публічную асобу.

Якраз Марыйка Мартысевіч выказвала меркаванне, што жаночая проза ў Беларусі вельмі моцная. Але мужчыны прэтэндуюць на кантроль над жаночай прозаю, над роляй жанчыны ў літаратуры…

Калі сыходзіць з таго, што пісьменнікі – такія самыя прафесіяналы, які спрабуюць жыць са сваёй творчасці, то зразумела, што там ёсць пэўная канкурэнцыя, барацьба за ўладу, за кантроль, за грошы і г.д. І ў гэтым сэнсе, я думаю, што мужчыны перамагаюць.

Можам паглядзець, колькі ў нас жанчын у адным і другім саюзе пісьменнікаў. Можам паглядзець, колькі ў нас жанчын у кіраўніцтве Саюзаў пісьменнікаў – я нават думаю, што ў праўладным Саюзе пісьменнікаў гэта сітуацыя нашмат лепшая.

Як прайшла першая дыскусія? Што для вас было самым цікавым падчас абмеркаванняў?

Для мяне было вельмі цікава, што ў пэўнай часткі аўтараў жанчын і фемінісцкіх крытыкаў стаўленне да зборніку “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю” – як да інструмента для выкарыстання жанчын у нацыяналістычнай барацьбе, барацьбе за вызваленне… Ніхто не чакаў, што ўкладальнікам гэтага зборніку акажацца жанчына, прычым жанчына з феміністычнымі перакананнямі, я гэтага не хаваю.

Былі таксама прэтэнзіі і да назвы другога зборніку “Пакахай мяне, калі ласка”. Аўтаркі казалі: “Я не супраць быць у жаночым зборніку, але што гэта за назва?” Нібыта такая назва зневажае жанчыну, выстаўляе яе слабай, паказвае, што яна хоча, каб яе кахалі…

Гэтая дыскусія паказала, што ў нас зусім няма супольнага культурнага сацыяльнага бэкграўнду, з якога мы маглі б весці гаворку, кожны сыходзіць са свайго нейкага маргінальнага кута. Калі асноўная прэтэнзія да першага зборніка “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю” была, што назва такая гучная, а змест не адпавядае рэчаіснасці, што ні з-пад якога кантролю яны не выходзяць, то ў мяне ўзнікае пытанне – а што там такога мусіла быць? Да чаго мы мусілі заклікаць?

З іншага боку, назва “Пакахай мяне, калі ласка” таксама не задавальняе. Выказвалі прэтэнзіі да рэдактараў, што адну з дзяўчат у зборніку назвалі “сапраўднай прыгажуняй”, кагосьці гэта абражае. А вось мяне гэта не абражае, я б зусім не адмовілася, калі б мяне нехта публічна назваў прыгажуняй. Я таксама зусім не супраць таго, каб прызнацца ў тым, што так – я хачу каб мяне кахалі, я хачу, каб побач былі блізкія людзі… Я думаю, што гэтага хоча кожны, як мужчына, так і жанчына.

Пытанне ў тым, чаму жанчыны супраць гэтага, супраць прадстаўлення сябе публічна пад такімі назвамі?

Давайце разгледзім феномен Макса Фрая. Доўгі час не ведалі хто гэта – мужчына альбо жанчына, была такая інтрыга. Але пры гэтым схіляліся да таго, што ўсё ж такі гэта мужчына. Кніжкі Макса Фрая былі вельмі папулярнымі, разыходзіліся вялікімі тыражамі. Але пасля таго, як стала вядома, што гэта жанчына – папулярнасць знізілася… Чаму?

Я думаю, што сітуацыя з Фраем была як раз звязаная з тайнай. Спажыўцы схільныя абапірацца на тое, што ім зразумела – мужчына, жанчына, рускі-нярускі, белы ці чорны. Вось ім падавалася, што асноўная тайна ёсць у тым, мужчына гэта ці жанчына. Як толькі тайна раскрылася, адразу спала цікавасць да гэтага аўтара і яго кніг. Насамрэч, пол тут не важны… Калі б казалі, што можа аўтар марсіянін, а можа і не – было б тое самае.

Таксама не трэба забывацца, што ўсё ж такі статус жанчыны ў грамадстве ніжэйшы, за статус мужчыны. І таму ўвага да жаночага прадукту і павага да яго безумоўна меншыя. У выпадку з Фраем гэтага напэўна не было, але ўвогуле сітуацыя такая.

Ці можа аўтарам “жаночай літаратуры” быць мужчына? У адной з перадачаў “Школы злословия” з паэткай Марыяй Сцяпанавай разважалі на падобную тэму і яна сказала, што яна паэт, а Ясеніна назвала паэтэсай… У Беларусі ёсць мужчына, чыю літаратуру можна назваць жаночай?

Я думаю, што на дадзены момант мужчына не можа пісаць жаночую прозу. Але чым далей мы будзем ісці і чым больш устойлівым і стабільным будзе статус жанчыны ў грамадстве, тым больш будзе падвышацца яе статус у літаратуры. І тады адбудзецца пэўная стабілізацыя паняцця жаночая і мужчынская проза. І можа быць мы дасягнем такой сітуацыі, калі пытанне полу і гендэру не будзе такім вострым. Таму што ўсё ж такі жаночая проза з’явілася на хвалі змагання жанчыны за публічнасць, за свае правы. Магчыма, прыйдзе такая сітуацыя, калі мужчыне трэба будзе змагацца за свае правы.

Ці існуе мужчынская проза?

Справа ў тым, што ўсё ж такі публічна ўсё, што называецца для нас чалавечым досведам, роўнае мужчынскаму досведу. Таму, у мужчыны на дадзены момант нават няма патрэбы, каб нейкім чынам прадстаўляць асаблівасці свайго досведу. То бок, усё што ён піша – гэта і ёсць жыццё. А жанчына дагэтуль змагаецца за сваё месца ў гэтым жыцці. Таму ёсць патрэба ў тым, каб пісаць адмыслова.

Калі жанчына будзе пісаць ад мужчынскай асобы – гэта будзе мужчынская літаратура?

Мы ўсё ж такі гаварылі пра тое, што жаночая літаратура – гэта літаратура, якая апісвае досвед жанчыны, сыходзячы з яе сацыяльнага полу, гендэру. А не таму што гэта напісана жанчынай ці мужчынай, ці пра жанчыну, ці ад імя жанчыны... Не ўсё што напісана жанчынай – жаночая літаратура, і не ўсё што напісана для жанчыны, ёсць жаночай літаратурай.

Калі чуеш словазлучэнне “жаночая літаратура”, спрацоўвае такі стэрэатып, што гэта штосьці пра любоў, пра дзяцей… Часта пра “жаночую літаратуру” кажуць як пра штосьці не такое якаснае, другаснае. Гэта як паняцце “малады літаратар” – не ўсіх маладых літаратараў называюць “маладымі”. Таксама не ўсю літаратуру, напісаную жанчынай, называюць жаночай...

Канатацыя “жаночай літаратуры” усё ж такі негатыўная, трохі грэблівая, стэрэатыпная. Калі ты ўжо стаў сваім, страціў сваю палавую прыналежнасць, стаў не паэтэсай, а паэтам, то твой статус павысіўся. Твая літаратура стала якаснай, вартай увагі.

На маю думку, з такім разуменнем літаратуры варта змагацца, яго варта аспрэчваць, варта таксама падзяляць, дзе літаратура для жанчын і дзе літаратура жанчын. Варта думаць пра тое, кім ствараецца такая літаратура і для чаго менавіта. Мне вельмі шкада, што мы на першай дыскусіі не звярнулі ўвагу на тое, пра што і як пішуць жанчыны аўтаркі.

Чаму жанчына піша адмыслова?

У папулярным фільме з майго дзяцінства “Скінь маму з цягніка” адзін з галоўных герояў быў кіраўніком літаратурнага семінару. І адзін з ягоных вучняў напісаў шыкоўны тэкст пад назвай “Спіс жанчын, якіх бы я хацеў трахнуць”. Я думаю, што ніводнай жанчыне ў галаву б не прыйшло напісаць такі твор, гэта па-першае. А па-другое, нават калі ўявіць сабе такое гіпатэтычна, то яго назва гучала б “Спіс мужчын, якіх я хачу, каб яны трахнулі мяне”.

У жаночай прозе прысутнічаюць гэтыя стасункі аб’ектнасці-суб’ектнасці, жанчына больш піша пра свае стасункі з навакольным светам, пра свае стасункі з людзьмі, з мужчынамі і жанчынамі.

Якія асноўныя тэмы беларускай жаночай прозы?

Нашы жанчыны гэтак сама пішуць пра каханне. Нашы жанчыны сапраўды многа пішуць пра тое, як жанчына змагаецца за вызваленне Радзімы. І ў гэтым няма нічога кепскага. Як сказала адна з аўтарак – так, наша жанчына – маці, і яна ў тым ліку змагарка. Гэтага не трэба саромецца, і ад гэтага не трэба адмаўляцца.

Другая дыскусія з удзелам аўтарак і актывістак жаночых арганізацый адбудзецца з 5 па 7 мая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі